Да арыштаванага Пятра Маркелава на Акрэсціна трэці дзень не пускаюць адвакатку
![Да арыштаванага Пятра Маркелава на Акрэсціна трэці дзень не пускаюць адвакатку](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/markielau-1712.jpg.webp?itok=WkmFr_nC)
Адвакатка Альвіна Мінгазава трэці дзень не можа трапіць да Пятра Маркелава, які адбывае адміністрацыйны арышт ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Пра гэта ў Фэйсбуку паведамляе "Прававая ініцятыва".
Адміністрацыя ЦІП кожны раз заяўляе адвакатцы, што няма вольных пакояў для яе сустрэчы з кліентам. Гэтыя адгаворкі Мінгазава чула 13 і 16 снежня.
Тым часам маці Маркелава напісала, што на Акрэсціна адмовіліся прымаць перадачу, якую прынесла ягоная цётка: "Толькі што тэлефанавала цётка Пятра, сказала, што ад яе не прынялі перадачу. Спачатку пачалі прымаць, праверылі дакументы, расклалі прадукты, узялі бланк. Але потым прымаючы вырашыў затэлефанаваць, удакладніць, ці можна ў цёткі прымаць. І адмовіў. Зараз збіраецца ехаць бабуля".
Пятра Маркелава асудзілі на 14 сутак. Падчас выбараў 17 лістапада ён як назіральнік патрабаваў правесці перападлік галасоў. З участка яго выцягнулі міліцыянты, заламаўшы рукі. У судзе Маркелава прызналі вінаватым у хуліганстве.
З турмы ён перадаў маці, што яго трымаюць у антысанітарных умовах і папрасіў сустрэчы з адвакатам, каб напісаць скаргу. Аднак адвакатка дагэтуль не можа сустрэцца з ім.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.