Вы тут

Ціханоўская сустрэлася з кіраўніком Парламенцкай асамблеі АБСЕ

​Святлана Ціханоўская падчас сустрэчы з кіраўніцтвам АБСЕ / tsikhanouskaya.org​

Святлана Ціханоўская сустрэлася ў сераду ў Стакгольме са старшынёй Парламенцкай асамблеі АБСЕ Маргарэтай Седэрфельт.

Ціханоўская выказалася пра ўдзел чыноўнікаў з Мінска ў мерапрыемствах АБСЕ і падкрэсліла, што гэты ўдзел рэжым успрымае як фармальны і ігнаруе заклікі да спынення гвалту і рэпрэсій, вызвалення палітвязняў. Пры гэтым хоць Беларусь з'яўляецца дзяржавай-удзельніцай АБСЕ, рэжым не прадстаўляе беларусаў, заявіла Ціханоўская.

Экс-кандыдатка ў прэзідэнты Беларусі таксама заклікала АБСЕ выкарыстоўваць свае механізмы, каб пачаць дыялог у Беларусі. На ейную думку, АБСЕ можа падтрымаць падрыхтоўку да перамоваў паміж дэмакратычнымі сіламі і рэжымам. У тым ліку "запусціць абмеркаванне дыялогу пра беларускі крызіс, пастаянна запрашаць і Расію, заклікаючы яе да адказу і прапаноўваючы ёй пазбавіцца ад асацыяцыі з ізаляваным рэжымам", адзначаецца ў заяве Ціханоўскай.

Пры гэтым Польшча як старшыня АБСЕ з 1 студзеня 2022 года можа садзейнічаць таму, каб менавіта АБСЕ стала платформай для пасярэдніцтва ў нацыянальным дыялогу, лічыць Ціханоўская.

Як паведамляла Еўрарадыё, міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей прыбыў у Швецыю для ўдзелу ў пасяджэнні Савета міністраў замежных спраў АБСЕ. Пасяджэнне адбудзецца 2-3 снежня. Макей правёў сустрэчы з дырэктарам Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Матэа Мекачы і кіраўніком МЗС Турцыі Меўлютам Чавушаглу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.