Вы тут

Ціханоўская агучыла першы этап Народнага Трыбунала

Святлана Ціханоўская / t.me/tsikhanouskaya

Першы этап Народнага Трыбунала — гэта нейтралізацыя ідэолагаў. Пра гэта паведаміла ў сваім Telegram-канале Святлана Ціханоўская

Яна адзначыла, што менавіта ідэолагі стаяць за адлічэннем студэнтаў і звальненне рабочых, запалохваннем медыкаў і разгромам мемарыялаў Рамана Бандарэнкі ў розных раёнах. 

Менавіта ідэолагі запалохваюць работнікаў. "Паспяховы вынік працы ідэолага — пастаянны страх работніка. Колькасць спагнанняў і забаронаў — крытэрый яго эфектыўнасці. Працоўнае месца ідэолага не будзе існаваць без рэжыму. Але, што самае галоўнае — рэжым не будзе існаваць без ідэолага", — заяўляе Ціханоўская.

Яна згадвае паспяховы прыклад барацьбы супраць ідэолагаў: "Нядаўна супрацоўнікі Мінскай абласной бальніцы сабраліся разам і сказалі галоўлекару, што калі ён звольніць іх калег па палітычных матывах, то хай звальняе ўсіх. У выніку ні адзін медык не страціў працу. А калі трох рабочых БелАЗа звольнілі за ўдзел у страйку, падняўся ўвесь цэх. Работнікі завода дамагліся сустрэчы з кіраўніцтвам і абаранілі сваіх калег. Гэтыя выпадкі паказваюць: улада ідэолага заканчваецца там, дзе пачынаецца салідарнасць".

Яна заклікае праяўляць салідарнасць з тымі, каго звальняюць або ціснуць па палітычных прычынах. За іх мусіць заступацца ўвесь калектыў. 

Імёны ідэолагаў Ціханоўская прапаноўвае называць публічна: "Вы ведаеце, як яго завуць і як ён выглядае, — раскладзіце ўлёткі пра яго па вашым прадпрыемстве, ВНУ, павесьце яго фота ў пад'ездзе — распаўсюдзьце гэтую інфармацыю даступным спосабам. Калі ў вас ёсць доказы, як гэты чалавек (напрыклад, намеснік дырэктара, рэктар або галоўны ўрач) рэпрэсуе работнікаў або студэнтаў, — падзяліцеся імі ў чатах прафсаюзаў, двароў або інфармацыйных телеграм-каналах, і пасля яго імя будзе апублікавана, а мы зможам дадаць яго ў санкцыйныя спісы. Кожны пазбаўлены аўтарытэту ідэолаг аслабляе рэжым".

Акрамя таго, яна прапануе патрабаваць звальнення ідэолага.

"Выкананне любога з гэтых дзеянняў — ужо перамога", — упэўненая Ціханоўская.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.