Ці варта прызнаваць Беларусь акупаванай? Латушка адказвае Чаламу

Дагэтуль шмат спрэчак сярод аналітыкаў выклікае ініцыятыва па прызнанні Беларусі часова акупаванай краінай. Сярод тых, хто найгучней выказваўся супраць, — аналітык Сяргей Чалы, які лічыць гэтую ідэю бессэнсоўнай і шкоднай.

— Я спадара Чалага вельмі цаню як выдатнага эксперта, аналітыка. Я не згодны з ім абсалютна, бо для нас сёння галоўнай пагрозай зʼяўляецца знаходжанне расійскіх Узброеных сіл на тэрыторыі Беларусі. Пытанне акупацыі — не сённяшняе, яно пачало зʼяўляцца пасля ўзурпацыі Лукашэнкам улады. Калі ён папаў пад поўны кантроль Крамля, і гэты кантроль нарастае з такой моцай, што сёння ён фактычна ў шмат чым страціў субʼектнасць, — пракаментаваў словы аналітыка кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Фактычна Лукашэнка сёння — марыянетка, кажа Латушка.

У чым ён рэалізуе інтарэсы Беларусі? Ён стварае эканамічныя ўмовы для развіцця краіны? Не. Стварае магчымасці для самарэалізацыі чалавека? Не. У нас прытрымліваюцца правоў чалавека? Не. У нас ёсць будучыня пры такім кіраўніцтве? Не. Ён сёння парушае Канстытуцыю, парушае міжнароднае права, дамову аб сяброўстве і супрацы з Украінай — ён парушае ўсё.

Дзейнічае Лукашэнка, упэўнены кіраўнік НАУ, у інтарэсах Крамля і ўласных.

— Я кажу ў кантэксце акупацыі, разумеючы, што для нас галоўнае — дамагацца вываду расійскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.