Вы тут

Трэба аб'ядноўвацца, а не крычаць пра акупацыю: Чалы разносіць дэмсілы

Досыць сварыцца​ / stock.adobe.com

"Не можа быць перамоў без удзелу Беларусі", кажа Лукашэнка пра перанос расійска-ўкраінскай перамоўнай пляцоўкі ў Стамбул. Такія заявы — гэта часам не паніка, што беларускі рэжым выкарысталі і пакінулі на палітычных задворках?

— Паніка не толькі сярод атачэння Лукашэнкі. У праціўнікаў Лукашэнкі тыя самыя настроі. Маўляў, нас забыліся, на нас не глядзяць, — кажа ў эфіры Еўрарадыё Сяргей Чалы. — Гэты фокус [у сітуацыі з Лукашэнкам. — Еўрарадыё] "А хто супраць нас з дзядзем Вовам?" не проста так. Табе трэба вонкавае пацвярджэнне, калі няма на што абаперціся ўнутры. Ты можаш колькі хочаш сімуляваць гэтую падтрымку. Твае генералы могуць колькі хочуць сядзець і слухаць трызненне пра "я вам пакажу, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад". Але ўсе выдатна разумеюць, уключаючы яго, што гэтыя генералы палец аб палец не стукнуць, каб нешта дзеля яго зрабіць.

У Лукашэнкі няма базы ўнутры. Ён цалкам разгубіў нават вузкую базу, якая кажа "мы патрыёты". А я ім кажу: не, вы не патрыёты. Ваш патрыятызм — гэта лізаць бот начальніка. Цяпер яны бачаць, што ён надзімаў шчокі, а ў выніку стаўся па ўсіх параметрах слабы. І цяпер ён: "А я, а як жа я? А пра мяне забыліся!" Тое самае адбываецца і з іншага боку: "У нас акупацыя!" Тады гэта значыць, што наш лёс вырашаецца не намі — вырашаецца альбо акупантамі, альбо вызваленчым войскам.

— Лукашэнка — не роўна Беларусь, — працягвае Сяргей Чалы. — Канцэпт акупацыі вельмі няўдалы. Я разумею, адкуль ён узяўся. Гэта з серыі "лёгкае рашэнне складанай праблемы", якое максімальна здымае адказнасць. Не патрабуецца ніякай інтэлектуальнай і духоўнай працы. "А што мы можам зрабіць, мы акупаваныя" і гэтак далей. У гэтай прастаце ёсць шмат спакус і шмат праблем — тое самае пытанне суб'ектнасці. Навошта з вамі мець размову, калі пытанне трэба вырашаць або з акупацыйным, або з вызваленчым войскам. Адпаведна, калі вы хочаце быць суб'ектам унутранага і вонкавага працэсу, то трэба не разбрыдацца, а кансалідавацца.

Мы маем справу не з акупацыяй, а з узурпацыяй. Беларусы абралі сабе на самай справе лідара [магчыма, маецца на ўвазе Святлана Ціханоўская. — Еўрарадыё]. Гэта сацыялагічны факт. Можна колькі хочаш расказваць адваротнае сваёй секце "сведак 80 адсоткаў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.