Ці павялічыцца колькасць электрамабіляў у Беларусі пасля зняцця ўвазных пошлін

Ці павялічыцца колькасць электрамабіляў у Беларусі пасля зняцця ўвазных пошлін

2 верасня набыло моц рашэнне Еўразійскай эканамічнай камісіі, якое адмяняе мытныя пошліны на ўвоз электрамабіляў у краіны ЕАЭС (раней былі 17% ад кошту машыны). Ці зручна карыстацца электракарамі ў Беларусі, Еўрарадыё распавядае Фёдар, які ўжо два гады ездзіць на такім аўтамабілі з павялічаным запасам ходу — яго Chevrolet дадаткова абсталяваны бензінавым генератарам для зарадкі акумулятара падчас руху.

“Праз недахоп месцаў для зарадкі карыстацца электрамабілем у нашых умовах цяжкавата, — з усмешкай кажа аўтааматар. — Калі не ездзіць на вялікія дыстанцыі, то нармальна. Аўтамабіль зараджаецца ад звычайнай бытавой разеткі — 16 ампер, 220 вольт. Асабліва зручна, калі жывеш у прыватным сектары. Але праз недахоп зарадак па краіне я выбіраў машыну з генератарам, бо, бывае, езджу далёка. Поўны зарад акумулятара і 30-35 літраў у баку мне хапае на 700 кіламетраў”.

Электрамабіль Chevrolet Volt. З таго ж мадэльнага шэрагу, што і аўто Фёдара

Паводле статыстыкі, рынак электрамабіляў у краінах ЕАЭС пакуль яшчэ вельмі залежыць ад коштаў. З 1 лютага 2014 года па 31 снежня 2015 на электрамабілі ўжо дзейнічала нулявая стаўка ўвазной мытнай пошліны. Тады за 2015 год ў краіны ЕАЭС былі ўвезеныя 684 электрамабілі, пераважна са Злучаных Штатаў, Кітая і Японіі, а вось у студзені-красавіку 2016 года, калі пошліны павысілі, увезлі толькі 28 машын. Колькі з іх асела ў Беларусі, на жаль, невядома — ДАІ пакуль такой статыстыкі не вядзе. На думку міністра па гандлі ЕЭК Веранікі Нікішынай, зніжэнне пошлін зноў паспрыяе выкарыстанню экалагічна чыстага транспарту і стварэнню ўмоў для фармавання рынка электрамабіляў.

“Разумееце, якая справа, — разважае пра магчымыя змены аўтаўладальнік Фёдар. — Яны ж адмянілі пошліны не для фізасобаў, а для юрасобаў, для іх застаецца толькі ўвазны ПДВ 20%. А для фізасобаў, як было больш за 50%, так і засталося. Таму ці патаннеюць электракары ў салонах, складана сказаць. Але для прыватных фірмаў, якія могуць прывозіць сюды электрамабілі, растаможваць і прадаваць, гэты ўказ стане сур’ёзным штуршком для павелічэння продпжаў”.

Пры гэтым пытанне інфраструктуры для ўладальнікаў электракараў у Беларусі застаецца адкрытым. Карта абсталяваных АЗС выглядае камічна. На ўсю краіну толькі шэсць заправак прымуць экалагічнае аўто, чатыры з іх знаходзіцца ў Мінску. Ад сталіцы без бензінавых дадаткаў магчыма паехаць толькі ў бок Вільні. Сам Фёдар карыстаўся і аўто выключна з электрарухавіком. На яго думку, гэта ідэальны варыянт для горада. Асабліва, улічваючы тое, што няма неабходнасці ў замене масла, свечак, фільтраў і іншых расходнікаў звычайнага аўто.

Карта зарадных станцый для электрамабіляў у Беларусі

“Ёсць знаёмы, які жыве ў шматпавярховіку, а не ў прыватным доме, — працягвае Фёдар. — Ён звярнуўся ў ЖЭС, і яму абсталявалі кропку для зарадкі аўтамабіля на парковачным месцы з асобным лічыльнікам. Праўда, за праект і ўсё астатняе давялося плаціць самому, але варыянты ёсць, і гэта ўжо добра”.

Рашэнне ЕЭК не тычыцца аўтамабіляў з гібрыднымі рухавікамі і “плагін-гібрыднымі”. Іх адрозненне ў тым, што акумулятар фактычна выконвае дапаможную ролю і толькі скарачае расход паліва падчас руху. Аўтамабіль Фёдара ж падпадае пад рашэнне ЕЭК, бо абсталяваны менавіта генератарам, а не рухавіком.

Мытныя пошліны зніжаюцца часова, толькі да верасня 2017 года. Па словах міністра па гандлі ЕЭК, ці будзе працягнутая гэта мера далей, “залежыць ад фактычнага развіцця рынка электрамабіляў, неабходнай інфраструктуры а таксама ад таго, ці будзе ў краінах саюза запушчаная серыйная вытворчасць электрамабіляў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі