Ці магчыма ў Беларусі перавыдаць кнігу Гітлера "Mein Kampf"

Ці магчыма ў Беларусі перавыдаць кнігу Гітлера "Mein Kampf"

У Германіі перавыдадуць кнігу Адольфа Гітлера "Mein Kampf" (“Мая барацьба”). Кнігу выпусціць мюнхенскі Інстытут сучаснай гісторыі пад назвай “Гітлер. Мая барацьба. Крытычнае выданне”.

Тэкст будзе суправаджацца 3,5 тысячамі крытычных каментароў, “бо матэрыял мае выразны антысеміцкі характар". Да таго ж сучасны чытач можа не зразумець частку словаў і выразаў.

Перавыданне "Mein Kampf" стане магчымым, бо скончыцца 70-гадовы тэрмін, цягам якога правы на гэтую кнігу належалі выключна ўраду Баварыі. А той адмаўляўся публікаваць кнігу з павагі да ахвяраў нацызму. 

Ці магчыма ў Беларусі перавыдаць кнігу Гітлера "Mein Kampf"
Адно з выданняў кнігі "Mein Kampf". Фота: edition.cnn.com

Намеснік міністра інфармацыі Беларусі Уладзімір Матусевіч кажа, што ў нас кніга Адольфа Гітлера "Mein Kampf" прызнаная экстрэмісцкім матэрыялам.

“Судом горада Бабруйска яна прызнаная экстрэмісцкім матэрыялам. Рашэнне суда, калі я не памыляюся, пачало дзейнічаць з 28 лютага 2015 года”.

Тады гэтая кніга разам з некаторымі іншымі была канфіскаваная мытнымі органамі і накіраваная ў рэспубліканскую камісію, каб ацаніць іх на наяўнасць ці адсутнасць экстрэмізму. Камісія пастанавіла, што прыкметы экстрэмізму ў выданні ёсць. Суд адбываўся па месцы канфіскацыі выдання.

Старшыня гэтай камісіі Ядвіга Яскевіч кажа, што ёй складана ўспомніць пэўныя асаблівасці менавіта тых кніг, маўляў, “праз нас праходзіць вялікая колькасць выданняў”. Але гэта дакладна былі не арыгіналы, а таксама аналітыка з каментарамі.

“Гэта непажаданая літаратура, канечне, бо каментары, якія ўтрымліваліся ў кнігах, былі вельмі негатыўнымі”, — кажа Ядвіга Яскевіч.

На пытанне, ці была б прызнаная экстрымісцкай ў нашай краіне “Мая барацьба” ў другой рэдакцыі, напрыклад, з крытычнымі каментарамі і заўвагамі, Уладзімір Матусевіч адказвае, што пра гэта можна будзе сказаць толькі пасля разгляду такой кнігі камісіяй Мінінфарма.

“А пакуль мне складана казаць, асабліва пра тое, чаго не існуе”, —  тлумачыць намеснік міністра.

На рынках забаронены “Майн Кампф”, а ў кнігарнях — “апазіцыйныя” кнігі

Кніга “Гітлер. Мая барацьба. Крытычнае выданне” з’явіцца ў нямецкім продажы ў студзені і будзе каштаваць 59 еўра. Першы тыраж складзе ад 3,5 да 4 тысяч асобнікаў.

Калі набыць гэтую кнігу ў Германіі і прывезці ў Беларусь, яе могуць канфіскаваць яшчэ мытнікі на мяжы. Пасля хутчэй за ўсё яе накіруюць на камісію для выяўлення прыкметаў экстрэмізму.

Галоўнае фота: AFP

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі