На рынках забаронены “Майн Кампф”, а ў кнігарнях — “апазіцыйныя” кнігі

Генеральная пракуратура Расіі залічыла кнігу Адольфа Гітлера “Майн Кампф” да экстрэмісцкай літаратуры, а Федэральная рэгістрацыйная служба дадала яе ў спіс забароненых кніг. Еўрарадыё пацікавілася, ці можна гэты твор набыць у нас і ці існуюць у Беларусі спісы забароненай літаратуры.

Набыць “Майн Кампф” на сталічным кніжным рынку не ўдалося. Няма яе ні ў адкрытым продажы, ні “пад паліцамі”. І нават прывезці на замову гандляры катэгарычна адмаўляюцца.

Гандляр: “Я яе не павязу. Ведаеце, сядаць я вельмі не хачу. У нас гэта забароненая кніга”.

ЕРБ: “Здаецца ж, у нас яна афіцыйна не забароненая?”

Гандляр:
“Забароненая. І яе вам наўрад ці хто павязе. Гэта я вам магу адназначна сказаць. За гэта даюць рэальны крымінальны тэрмін. Гэта вельмі небяспечна ў нашай краіне, ёсць крымінальная адказнасць за гэтую справу. І нас папярэджвалі: “Майн Кампф” — не тое што вазіць, нават замовы на яе не браць”.

Начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Алена Панова запэўніла Еўрарадыё, што спісу забароненай літаратуры ў Беларусі не існуе.

Алена Панова:
“Афіцыйна ў нас нічога такога няма, гэта я вам дакладна кажу. Бо “забароненая” — такога паняцця няма. Цэнзуры ж няма ў нас”.

Якім чынам кнігарням арыентавацца: якую кнігу можна прадаваць, а якую — не, калі спісу, з якім можна зверыцца, няма? Высветлілася, што ім проста трэба добра ведаць заканадаўства.

Алена Панова:
“У нас жа ўсё рэгламентавана законамі, нейкімі актамі. Калі гэта эротыка, то яе мусяць прадаваць у спецыяльна адведзеных месцах, асобам не маладзей за 18 гадоў, у цёмных пакунках. Нават “Камасутру” нельга прадаваць, да прыкладу, разам са школьнымі сшыткамі”.

Атрымліваецца, гандляры самі на сваю рызыку вырашаюць, якія кнігі можна прадаваць. Паводле словаў Алены Пановай, калі раптам спецыяльныя органы знаходзяць у кнізе заклікі да звяржэння ўлады, гвалту, жорсткасці, экстрэмізму, то яе давядзецца прыбіраць з продажу. Пакупнікам нічога не пагражае, а вось гандляроў аштрафуюць. Калі ж кнігу выдавала беларуская фірма, то яе нават могуць пазбавіць ліцэнзіі.

Каб пазбегчы такой адказнасці, выдавец Адам Глобус, напрыклад, сам уважліва праглядае ўсе рукапісы.

Адам Глобус:
“Адказнасць за распаўсюд і тыражаванне такой літаратуры ёсць, і я сутыкаўся з такім. Але на гэтым увесь свет пабудаваны! Разумееш, калі Бен Ладэн прынясе да мяне свае ўспаміны — што думаеш, я пабягу іх друкаваць? Не, вядома! Яшчэ і ў пысу яму дам!”

Спецыяльнай структуры, якая адсочвае, чым гандлююць на кніжных рынках альбо ў крамах, няма. Забараніць “экстрэмісцкую” літаратуру могуць самі чытачы, калі паскардзяцца на тую або іншую кнігу ў міліцыю ці нават КДБ.

“Што тычыцца экстрэмізму, то гэта артыкул, які трапляе пад юрысдыкцыю КДБ. Можна ў МУС паведамляць. Гэта значэння не мае. Яны, безумоўна, пацікавяцца гэтай кнігай, гандляром, і, калі там будуць прыкметы складу злачынства, то адрэагуюць, вядома”, — распавёў старшыня праўладнага Саюза пісьменнікаў Мікалай Чаргінец.

Еўрарадыё пацікавілася ў дырэктаркі адной са сталічных кнігарняў, як яны “фільтруюць” літаратуру, калі спецыяльных спісаў няма.

ЕРБ: “Ці былі ў вас выпадкі, калі вы адмовіліся браць нейкую кнігу на продаж?"

Дырэктарка кнігарні:
“Так, былі”.

ЕРБ: “А якой накіраванасці гэта былі кнігі?”

Дырэктарка кнігарні: “Апазіцыйнай”.

Праўда, прывесці прыклад экстрэмісцкіх, фашысцкіх, тэрарыстычных ці нейкіх іншых кніг, якія ў кнігарні адмовіліся прадаваць, яна не змагла.

Глядзі таксама:

Марціновіч з-пад прылаўка, але ўсё ж набыў у Мінску свой забаронены раман


“Сатанінскія суры” ў Нацыяналцы, а Здзвіжкоў за кратамі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі