Ці мае Асмалоўка часовы статус гісторыка-культурнай каштоўнасці?

Ці мае Асмалоўка часовы статус гісторыка-культурнай каштоўнасці?

Раён пасляваеннай мінскай забудовы ў раёне вуліцы Старавіленскай, Багдановіча і Кісялёва могуць знесці згодна з праектам “Мінскграда”. Двухпавярховыя дамы прыбяруць, а на іх месцы збудуюць 5-6-павярховыя з падземнай паркоўкай.

Еўрарадыё паразмаўляла з выканаўчым дырэктарам МГА “Гісторыка” Таццянай Пятровай, якая дамагаецца, каб Асмалоўка стала гісторыка-культурнай каштоўнасцю.

Еўрарадыё: Калі вы пачалі працаваць над прапановай аб наданні Асмалоўцы ахоўнага статусу?

Таццяна Пятрова: Яшчэ ў снежні 2015 года. Над дасье працавалі паўгода. У ліпені 2016-га падалі заяўку, і яна была прынятая Міністэрствам культуры для разгляду на Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай радзе.

Разгляд пытання быў толькі ў лістападзе 2016-га. Пераважная большасць выказалася, што гэта цікавы абʼект, варты ўвагі, што ён мае пэўныя горадабудаўнічыя і гістарычныя якасці, але засталася невядомай яго эканамічная эфектыўнасць. Як будзе далей жыць гэты раён, бо немагчыма, каб у цэнтры горада знаходзіліся абʼекты, якія не прыносяць нейкі прыбытак. Таму нам адказалі, што гатовыя вярнуцца да гэтага пытання, калі дапрацуем сумесна с Мінгарвыканкамам менеджмент-план выкарыстання абʼекта. І вось цяпер мы амаль што на фінішнай. Пра тое, што рыхтуем гэты менеджмент-план, мы паведамлялі і ў Міністэрства культуры, і ў Мінгарвыканкам.

Згодна з 93 артыкулам Кодэкса “Аб культуры”, рашэнне рады аб “адсутнасці неабходнасці” не прынятае, бо нам сказалі дапрацаваць. Асмалоўка як бы лічыцца “часовай гісторыка-культурнай каштоўнасцю”.

Кодекс: “Артыкул 93. Наданне культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi, наступствы надання (ненадання) культурнай каштоўнасці статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці. Пункт 4. Мясцовы выканаўчы i распарадчы орган базавага тэрытарыяльнага ўзроўню, а таксама ўласнiк (карыстальнік) матэрыяльнай культурнай каштоўнасці, землекарыстальнік, на зямельным участку якога размешчаная нерухомая матэрыяльная культурная каштоўнасць, з дня атрымання пісьмовага паведамлення, прадугледжанага падпунктам 2.1 пункта 2 гэтага артыкула, i да дня прыняцця рашэння аб неабходнасцi (адсутнасцi неабходнасцi) надання матэрыяльнай культурнай каштоўнасці статусу гiсторыка-культурнай каштоўнасцi прымаюць меры па прыпыненні работ або iншай дзейнасцi, якiя могуць аказаць уздзеянне на матэрыяльную культурную каштоўнасць”.

Еўрарадыё: Былі нейкія дакладныя даты, калі трэба было прадставіць дапрацаваную прапанову?

Таццяна Пятрова: Тэрмінаў нам не ставілі. Нам было рэкамендавана працаваць сумесна с Мінгарвыканкамам. Мы намагаліся знайсці фармат сумеснай дапрацоўкі. З аднога боку, да нейкіх нашых аргументаў нават прыслухоўваліся, але як мы бачым цяпер ― усё роўна зрабілі так, як лічаць патрэбным.

Мы прасілі адкласці грамадскае абмеркаванне, даць нам яшчэ месяц-два. Але нам адказалі, што “па абставінах, якія ад іх не залежаць, трэба выносіць тое, што ёсць”.

Еўрарадыё: Што плануеце рабіць далей?

Таццяна Пятрова: Менеджмент-план дапрацоўваць будзем. Паспрабуем зняць гэтае пытанне з грамадскага абмеркавання. Як можна планаваць знос, калі гэты абʼект можа быць гісторыка-культурнай каштоўнасцю?

Ці мае Асмалоўка часовы статус гісторыка-культурнай каштоўнасці?
Ці мае Асмалоўка часовы статус гісторыка-культурнай каштоўнасці?

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі