Ці быць парсюковым "скачкам" на “Дажынках”, вырашыць Міністэрства культуры

Год таму на “Дажынках” бегалі навыперадкі парсюкі, якіх у той жа дзень на аўкцыёне распрадалі. Сёлета на гэтую забаву, відаць, забыліся, бо паўтор сенсацыі не робіць.
Арганізатары “Дажынак” кажуць, што пра "скачкі" нічога не ведаюць, а ведае, хіба што, Міністэрства культуры. Затое на падыходах новая “фішка” – страусіныя скачкі. Забава больш экзатычная, а таму і больш прыбытковая.

Страусіныя скачкі вырашыў стварыць дырэктар беларуска-польскага прадпрыемства “ПМ і Кампанія” Георгій Канашоў. Ён упэўнены ў попыце на новую забаву і збіраецца такім чынам прыцягнуць турыстаў да кобрынскай страусінай фабрыкі.

Каб вырасціць аднаго страуса, трэба патраціць дзве тысячы долараў, кажа дырэктар. Птушка выседжвае яйкі масай у 1,5 кг, калі страуса забіваюць, то прадаюць амаль усё: скуру, мяса, пер’е, тлушч. Развядзенне страусаў – выгадная справа, але цяпер фірма вырашыла зарабляць і на “страусіным спорце”. Георгій Канашоў распавёў Еўрарадыё, што задумы кіраўнікоў фабрыкі спачатку былі яшчэ больш грандыёзнымі.

Георгій Канашоў: “Спачатку я падаў у райвыканкам заяву на правядзенне “страусіных сафары”. Але нешта гэтая праца ў нас не пайшла, і я гэтую праграму зменшыў да страусіных скачак. Каб страус бегаў, яму шмат трэніроўкі не трэба. Проста даецца маршрут руху, з якога ён не можа выбегчы. Страус – палахлівая птушка, і патрэбны нейкі гукавы эфект, каб прымусіць яго бегчы ў кірунку, куды ён глядзіць. Мы пастараемся скончыць усё да канца жніўня, бо ў верасні дзеці ўжо ідуць у школу, а гэтая забава, хутчэй за ўсё, будзе папулярнай менавіта сярод іх”.

Адбор страусаў для скачак просты: выбіраюць толькі самцоў, якія фізічна больш развітыя за астатніх.

Рэжысёр праграмы "Дажынак" “Магілёўскі падворак” Ніна Герасімёнак распавядае, што парсюковыя скачкі – беларускі досвед – перанялі ўжо ў Расіі.

Ніна Герасімёнак: “Усіх нашых “спартоўцаў” прадалі на аўкцыёне там жа, на “Дажынках”. Тады быў вялікі ажыятаж, нашыя “спартоўцы” карысталіся вялікім поспехам у гледачоў. Імёнаў мы ім не давалі, але называлі па іх колерах. Ведаю, што гэты досвед наш перахапілі ўжо ў Расіі. Я глядзела расійскую праграму, дзе так і казалі: з практыкі беларускіх “Дажынак” мы ўспадкавалі парсюковыя скачкі. Так што нашая справа жыве, толькі, праўда, не ў нас”.

Георгій Канашоў глядзіць на страусіныя скачкі больш аптымістычна. Праўда, на “Дажынкі” сваіх “спартоўцаў” везці не збіраецца – маўляў, жывёла занадта вялікая і можа прынесці небяспеку. Для яе, у адрозненне ад свінняў ці сабак, патрэбны вельмі надзейны плот і адмысловыя дарожкі.

Георгій Канашоў: “Дыстанцыю мы выбралі – 120 метраў, каб ім яшчэ і спыніцца паспець. У страуса даўжыня кроку да трох з паловай метраў, і хуткасць ён можа набіраць хоць 65 км/г”.

Дырэктар страусінай фабрыкі кажа, што глядзець на бягучых страўсаў значна цікавей, чым на парсюкоў ці каго яшчэ. Па-першае, з-за памераў птушкі, шырыні кроку, па-другое, з-за яе экзатычнасці. Засмучанае гісторыяй з парсюкамі, Еўрарадыё запыталася ў Канашова пра далейшы лёс яго “спрынтэраў”.

Георгій Канашоў: “Гэтыя ж страусы і будуць бегаць! Страус жыве доўга… Пакуль што шэсць штук у нас адабраныя, відаць, яны і будуць заўсёднымі “спартоўцамі”, калі ніхто не атрымае траўму”.

Фота — http://www.rg.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі