Чатыром беларусам і грамадзяніну Расіі за графіці пагражае да 6 гадоў турмы

Чатырох беларусаў і грамадзяніна Расіі падазраюць у нанясенні беларускамоўных графіці і псаванні сацыяльнага білборда і абвінавачваюць у групавым хуліганстве.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, 11 жніўня пасля 16 гадзін у Мінску “людзі ў чорнай форме з аўтаматамі і ў шлемах уварваліся ў тры розныя кватэры”, каб правесці вобыскі ў межах крымінальных спраў. Пасля вобыскаў былі затрыманыя пяць чалавек: Вячаслаў Касінераў, Максім Пякарскі, В. (імя прасіў не называць), Яраслаў Ульяненкаў і грамадзянін Расіі Павел, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Затрыманым прад’явілі абвінавачанне ва ўдзеле ў некалькіх злачынных эпізодах, у тым ліку нанясенні графіці “Беларусь мае быць беларускай” з арнаментам і перакрэсленымі сярпом і молатам, свастыкай, а таксама графіці на былой ваеннай часці з надпісам “Рэвалюцыя сьвядомасьці, яна ўжо ідзе…”, з выявай сілуэта чалавека, які кідае бутэльку з запальнай сумессю.

Абодва эпізоды кваліфікаваныя як “наўмысныя дзеянні, якія суправаджаліся пашкоджаннем чужой маёмасці, неўстаноўленымі асобамі, што груба парушылі грамадскі парадак і выказалі яўную непавагу да грамадства”, распачата справа па ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (хуліганства, учыненае групай асоб).

Акрамя таго, затрыманых падазраюць у тым, што яны выпацкалі фарбай сацыяльны банер з выявай супрацоўнікаў міліцыі па вул. Гарэцкага ў Мінску, што пацягнула матэрыяльны ўрон на 2,2 млн. рублёў — арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці).

У гэты ж вечар Яраслава Ульяненкава і расіяніна адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, Максім Пякарскі і В. дагэтуль знаходзяцца ў ізалятары часовага ўтрымання, Вячаслаў Касінераў змешчаны ў бальніцу з двайным пераломам сківіцы і пад канвоем.

Падазроным можа пагражаць да 6 гадоў пазбаўлення волі.

Фота: з суполак у сацыяльных сетак, spring96.org.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі