Вы тут

Частка мінскіх хостэлаў адмаўляецца прымаць турыстаў з Кітая

Абвестка ў мінскім хостэле / TUT.by

Некалькі мінскіх хостэлаў часова перасталі прымаць турыстаў з Кітая, піша TUT.by. 

Па словах адміністратараў, турысты з іншых краін адмаўляюцца жыць у адным пакоі з грамадзянамі Кітая, бо асцерагаюцца карнавіруса. 

"Разумееце, мы б страцілі большую частку турыстаў, калі б засялілі аднаго кітайца", — патлумачылі журналістам у MyHostel на вуліцы Кірава. З кітайскім турыстам, які хацеў забраніраваць сабе месца адміністрацыя хостэла скантактавалася і патлумачыла сітуацыю:

"Мы звязаліся з кітайскім турыстам, які хацеў у нас спыніцца, ветліва яму ўсё растлумачылі, ніякіх канфліктаў, мы ж нармальныя людзі. Скаргу на booking.com ён не адпраўляў, ён усё зразумеў".

Пра такую ж праблему з пастаяльцамі журналістам паведамілі і ў хостэле Viva на вуліцы Жукоўскага.

А вось у хостэлах "Трыніці" на вуліцы Старавіленскай і "Вежа 31/18" на праспекце Незалежнасці кітайцаў прымаюць па-ранейшаму.

Аднак у Міністэрстве спорту і турызму падкрэсліваюць, што з боку дзяржавы ніякіх рэкамендацый на гэты конт не паступала. Адмовы кітайскім турыстам тут называюць неадпаведнымі закону і здароваму сэнсу. 

"Няма ніякіх падставаў любому сродку размяшчэння сёння адмаўляць замежным грамадзянам, уключаючы грамадзян Кітайскай Народнай Рэспублікі, у праве спыніцца на начлег, — сказаў у каментары Еўрарадыё прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несцяровіч. — Я разумею, што людзі занепакоеныя станам свайго бізнэсу. І гэтая ксенафобія сыходзіць, наколькі я магу меркаваць, не ад гаспадароў хостэлаў. Калі грамадзяне Кітая законна трапілі на тэрыторыю Беларусі, значыць, што ўсе санітарна-эпідэміялагічныя мерапрыемствы ўжо былі праведзеныя".

У Беларусі пакуль што не выяўлена ніводнага выпадку кітайскага каранавіруса.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.