Чарговыя забароны на вываз прадуктаў і прамысловых тавараў з Беларусі. Як паведамляе ўрадавая прэс-служба, прэм'ер-міністр РБ Раман Галоўчанка падпісаў адразу дзве пастановы. Першая — пра забарону на вываз прадуктаў перапрацоўкі збожжа, якія выкарыстоўваюцца для кармлення жывёл. Нельга вывозіць за мяжу і бялковую сыравіну для камбікормавай прамысловасці. Падкрэсліваецца, што робіцца гэта "ў мэтах забеспячэння стабільнай працы жывёлагадоўлі".
Другая пастанова забараняе вываз з Беларусі "асобных відаў прамысловых тавараў". Гэтае рашэнне тлумачыцца неабходнасцю "абароны эканамічных інтарэсаў дзяржавы". Адзначаецца, што ў дакуменце пералічваюцца 254 віды тавараў.
Забароны пачнуць дзейнічаць з 22 сакавіка (з часу афіцыйнай публікацыі) на тэрмін 6 месяцаў.
Відавочна, што рашэнні ўраду — гэта наступствы заходніх санкцый.