Чаргінец: Караць фальсіфікатараў вынікаў вайны трэба спачатку праз штрафы

Беларускі нацыяналізм базуецца на гераізацыі калабарантаў і паліцаяў. А гэта і ёсць фальсіфікацыя праўды пра Вялікую Айчынную вайну, — такое меркаванне Еўрарадыё выказвае гісторык і палітолаг Юры Шаўцоў. Напярэдадні намеснік старшыні Мінгарвыканкама Ігар Карпенка выказаў намер увесці адказнасць за фальсіфікацыю гісторыі Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны. Маўляў, нельга каб гістарычныя факты перакручвалі, надавалі ім афарбоўку, чужую для большасці беларусаў.

"Калі сапраўды будуць сур'ёзныя сілы, якія паставяць мэтай пераасэнсаваць ацэнкі Другой сусветнай вайны…. А ў нас такіх сілаў няма. Радыкальныя аўтары не ствараюць істотных праблем для грамадства. Таму ніякай істотнай дзейнасці дзяржавы супраць іх не будзе", — гаворыць Шаўцоў.

На думку палітолага, выказванне Ігара Карпенкі зробленае ў межах еўрапейскага трэнду: "Ёсць ідэі, якія павінны асуджацца. І гэты прынцып ляжыць у базісе еўрапейскай цывілізацыі". Ён нагадвае пра Германію, у якой забаронены нацызм, краіны Прыбалтыкі, дзе ўведзеная крымінальная адказнасць за адмову прызнаваць генацыдам некаторыя дзеянні савецкай улады. І кажа, што вайна ва Украіне з'яўляецца ў тым ліку вынікам таго, што нехта вырашыў пераасэнсаваць гісторыю: "Таму трэба рыхтавацца да таго, што некаторыя погляды будуць абмежаваныя", — рэзюмуе Шаўцоў.

Гісторык Ігар Кузняцоў, наадварот, лічыць, што фальсіфікацыі вынікаў Другой сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны няма, а заява Карпенкі не мае падставаў.

"Фальсіфікацыя — гэта заведама наўмыснае скажэнне. Калі чалавек піша пра тое, што ў партызанскім атрадзе побач з безумоўным гераізмам былі выпадкі марадзёрства, — гэта фальсіфікацыя? Новыя факты ўводзяцца ў навуковы абарот — было і тое, і гэтае. Але згодна з нашай мадэллю, гэта не мусіць агучвацца ні на якім ўзроўні. А "лінія Сталіна" — гэта што, не фальсіфікацыя гісторыі? Дык давайце тады будзем прыцягваць да адказнасці ўсіх, хто скажае факты", — па словах Кузняцова, гісторыя як з'ява не можа праходзіць праз юрыдычныя працэдуры — для гэтага ёсць навуковыя сімпозіумы, абмеркаванні ў навуковых колах і грамадстве.

Праўда, наракае гісторык, навуковая думка цяпер загнаная ў тупік. Апошнім часам у Беларусі не абароненая ніводная дысертацыя, звязаная з праблемамі ваеннапалонных. Напрыклад, цягам трох гадоў ВАК не зацвярджала абароненую доктарскую дысертацыю Аляксея Літвіна на тэму вайскова-паліцэйскіх фармаванняў на тэрыторыі Беларусі ў гады вайны:

Кузняцоў: "Там не было нічога, апроч фактаў, кшталту вось былі паліцэйскія батальёны, яны выконвалі такія функцыі, — нічога не было іншага. Але гэтага хапіла, каб тры гады дысертацыю некалькі разоў карэктавалі. І ён яе абараняў у тым выглядзе, які задаволіў ветэранаў вайны і працы. Але якое дачыненне ветэраны вайны і працы маюць да Вышэйшай атэстацыйнай камісіі?"

А вось старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец падтрымлівае ініцыятыву Ігара Карпенкі і лічыць, што трэба не корпацца ў мінулым, а "ствараць гісторыю будучыні". Тым больш што праўда ўсталяваная:

"...Нюрнбергскім працэсам і трэба з гэтага зыходзіць, а не спрабаваць падмяніць адны факты іншымі".

Чаргінец мяркуе, што караць тых, хто фальсіфікуе вынікі апошняй вайны, трэба спачатку праз штрафы і адміністрацыйную адказнасць. Але калі цягам года чалавек дапускае больш за два скажэнні гісторыі, то магчымая і крымінальная адказнасць.

Фота: militarytechnics.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі