Чаму суперспявачкі ідуць спяваць каверы ў рэстарацыі

Чаму суперспявачкі ідуць спяваць каверы ў рэстарацыі

Ёсць у Беларусі тры добрыя спявачкі. Гэта Саша Захарык, Анастасія Малашкевіч і Ганна Шалюціна. Насця двойчы штурмавала нацыянальны адбор на "Еўрабачанне", Саша таксама спрабавала, а яшчэ з'яўлялася ў "Што? Дзе? Калі?" ды "Брэйн-рынгах", а Аня — у "Песні года". Але, на жаль, пакуль дзяўчат з моцнымі і цікавымі галасамі часцей можна сустрэць у сталічных рэстарацыях. Нават не часцей, а штовыхадныя. У суботу Еўрарадыё выпраўляецца ў рэйд па пабах і рэстаранах, каб паслухаць артыстак і паразмаўляць з імі пра долю кавершчыкаў.

Чаму суперспявачкі ідуць спяваць каверы ў рэстарацыі

Анастасія Малашкевіч: Ён кажа: "Я вучуся на прадзюсарскім. Ты гатовая ехаць у Гомель?"

Анастасія Малашкевіч прызначае нам сустрэчу ў шыкоўным рэстаране Belvedere, што ў "Замку". Яна мусіць пачынаць а восьмай, але затрымліваецца на паўгадзіны з-за непрыемнасцяў з аўтамабілем. Пакуль мы сядзім і п'ем каву, зала пусцее — з сямі занятых сталоў застаецца адзін. І зразумела: надвор'е цёплае, палова Мінска на Зыбіцкай і ля Ратушы, іншая — на цёплых пясках. Таму Анастасіі даводзіцца выступаць перад мінімальнай колькасцю слухачоў.

"Мне гэта не перашкаджае, — запэўнівае спявачка, якую за спазненне адчытвае адміністратар. Насця адкрывае ўласны ноўт з мінусоўкай, падключае яго да пульта, бярэ мікрафон і чулліва пачынае са стынгаўскай "Fragіle". — Гэта не мастацтва. Гэта прафесійнае выкананне. Лёгкі джазец. Вы слухаеце і атрымліваеце асалоду. Мне падабаецца спяваць, гэта ж відавочна, падабаецца адчуваць музыку, асабліва калі я разумею, што  спяваю для слухача. Ну і тут прыгожае месца, напоўненае годнасцю, узвышанасцю і чысцінёй — тым, што многія ўстановы ўжо страцілі".

Для рэстарацый спявачка выбірае песні сама — слухае пажаданні гаспадароў, глядзіць на інтэр'ер і на публіку. Пасля Belvedere Анастасія паедзе ў іншую кнайпу, дзе будзе спяваць пад акустычную гітару і кахон. І зусім не джаз. І так з пятніцы па нядзелю — па два-тры месцы працы за вечар, плюс закрытыя вечарынкі, карпаратывы і вяселлі — акурат сезон, калі можна добра зарабіць. Натуральна, што пры такім раскладзе сесці і напісаць песню на беларускай ці рускай мовах, якіх бракуе ва ўласным рэпертуары спявачкі і з якой можна было б патрапіць на "целік", нерэальна.

"Праблема ўва мне, — дзеліцца Анастасія. — Я вельмі занятая на гэтай працы. Да таго ж, рыхтуюся да праекту "Голас": хутка еду на сляпыя праслухоўванні ў Маскву. Пасля завяршэння летняга сезону да навагодніх карпаратываў час, які звычайна выдзяляўся на падрыхтоўку да "Еўрабачання", цяпер планую прысвяціць напісанню ўласнага матэрыялу. Таму што ў сёлета я падаваць заяўку на ўдзел у "Еўрабачанні" не буду. Надакучыла".

Анастасію, якая двойчы трапляла ў фінал беларускага адбору на "Еўрабачанне", цяпер можна будзе слухаць у Тэатры оперы і балета: яе, прафесійную оперную спявачку з чатырма працоўнымі актавамі, запрасілі на працу ў новым сезоне. У ролі каго Насця з'явіцца на сцэне, яшчэ не вядома, але кажа, што любіць Чайкоўскага, рускую і італьянскую музыку:

"Я не ведаю, чаму так склалася. Я дагэтуль не магу для сябе вырашыць, чаго я хачу болей: быць часткай масавай культуры і шоу-бізу ці часткай класічнага мастацтва. Відаць, мне яшчэ ўласцівы стан юнацкага максімалімзму, і я хачу ахапіць усё і адразу".

Чаму суперспявачкі ідуць спяваць каверы ў рэстарацыі

На развітанне Насця распавядае адну са шматлікіх вясёлых "пабаўскіх" гісторый:

"Да мяне падышоў хлопчык, праўда, малодшы за мяне, на добрым падпітку, але з натхненнем, і кажа: "Ведаеш, я вучуся на прадзюсарскім. Ты гатовая рухацца далей?". Я кажу: "Працягвай". А ён: "Ты гатовая ехаць у Гомель"? Я вельмі моцна смяялася. У мяне мама жыве ля Гомля. Я кажу: "Сынок. Я толькі адтуль". Гэта было вельмі смешна". 

Чаму суперспявачкі ідуць спяваць каверы ў рэстарацыі

Саша Захарык: Публіцы бывае на цябе начхаць — яна прыйшла выпіць

Ловім таксоўку і кіруемся на Бангалор: у лаўнж-кавярні "Чайхана" спявае Саша Захарык. Саша сядзіць ля барнай стойкі з пюпітрам. Ззаду яе пульт з падключаным ноўтам, які яна лёгка кантралюе і пераключае патрэбныя трэкі. У "Чайхане" ціха, людзі, кампаніямі і ўдвух, вячэраюць і нягучна размаўляюць.

Вакалістка Apple Tea і Lipnitsky Show Orchestra, Саша рыхтуецца да конкурсу "Новая хваля". Бо ў Мінску засумавала: на выхадных "Винный Шкаф", "Чайхана" і яшчэ некалькі пабаў, сярод тыдня бывае карпаратыў. Таму вечаровая праца цяпер для Сашы — урок перад "Новай хваляй":

"Я пастаянна іду на працу, як на заняткі. Мне падаецца, гэта вельмі правільны падыход. Нават калі ў мяне не вельмі добры настрой, я ведаю, што праца, як занятак: я стаю, атрымліваю задавальненне ад вакалу, ад рэакцыі публікі. Часам не атрымліваю, бо публіцы бывае на цябе начхаць — яна прыйшла выпіць. Часам людзей настолькі шмат, яны гавораць так гучна, што нас нават бывае не чутна. Натуральна, у такія моманты ты злуешся. Але ўсё залежыць ад настрою. Часам табе нехта паапладаваў і выруліў твой настрой, бо ты ж стараешся ў любым выпадку і выкладаешся па-максімуму. І канечне, калі на цябе не рэагуюць апладысментамі ці поглядамі, гэта крыху крыўдна. Але я стараюся на гэта не рэагаваць, бо гэта праца, а яна не заўсёды можа прыносіць задавальненне. Хаця мая ў асноўным прыносіць".

Саша кажа, што да пятага курса ўніверсітэта культуры яна катэгарычна адмаўлялася ад удзелу ў кавер-бэндах і выступаў пад "мінус" у рэстаранах. Цяпер змяніла сваё стаўленне: выступае ў асноўным у модных моладзевых месцах і выконвае выключна сваю любімую музыку.

"Раней я ўспрымала гэта як напрацоўку досведу, безумоўна, цяпер гэта для мяне і заробак, — прызнаецца Захарык. — Не магу сказаць, што асноўны, бо асноўны — гэта карпаратывы і мерапрыемствы закрытага фармату. Але гэта някепскі стабільны прыбытак, які дазваляе сябе адчуваць дастаткова ўпэўнена на дадазены момант нават у рэаліях таго, што адбываецца. Тыя, хто запрашае мяне на працу, мяне цэняць, я гэта адчуваю. Я працую не ў шматлікіх установах, але за нармальны ганарар, які дазваляе сябе добра адчуваць. Я лічу, што гэта абсалютна незазорна, калі ты не здраджваеш сабе, можаш выконваць свой любімы матэрыял, які табе дае пэўны досвед".

Па словах Сашы, паралельна яна рыхтуе альбом уласных песень. Аўтарскага матэрыялу спявачцы хопіць, каб зладзіць свой канцэрт у тым жа "Графіці", але, мяркуе Саша, якая раскручвае сябе самастойна, хочацца, каб нехта дапамог:

"У перспектыве хачу працаваць як артыст са сваім матэрыялам. Да таго ж, пішу песні іншым выканаўцам — гэта мой пабочны заробак, і ён больш істотны, чым тое, што я зарабляю ў рэстарацыях. Мне падабаецца адчуваць людзей, ім пісаць. Таму не думаю, што я магу загразнуць тут, і  намагаюся рабіць усё, каб вырвацца з гэтага замкнутага кола. Бо ў яго многія трапляюць, пачынаюць адчуваць зону камфорту, застаюцца ў гэтым, а потым едуць на кантракт у Дубаі. Гэта ўжо не мая тэма, дакладна... Мне часам раяць перабірацца ў Маскву. Але я адна, і не бачу сябе ў гэтай масоўцы. Мой музычны матэрыял не самы фарматны. Я гнуткі чалавек, я магу змяняцца, але не ў горшы бок, развівацца — так, але дэградаваць неяк не вельмі хочацца". 

Чаму суперспявачкі ідуць спяваць каверы ў рэстарацыі

У каляровым інтэр'еры з арабскімі пахамі Саша выконвае любімую музыку: эйсід-джаз, боса-нову, мілыя песенькі кшталту "All About That Bass" FOOLISH SKA JAZZ ORCHESTRA. А праз паўтары гадзіны Саша разам з Міхаілам Філіпеням з Apple Tea "запаліць" модны "Вінный Шкаф".

Чаму суперспявачкі ідуць спяваць каверы ў рэстарацыі

Ганна Шалюціна: У мяне няма вольных дат, у мяне ёсць праца і прыватныя святы ў сераду, у нядзелю, у панядзелак...

Мы ж трапляем у знакамітыя "Ангелы". Аказваецца, людзі тусяць не толькі на Зыбіцкай, але і на Талбухіна. Дарагі рэстаран поўны прыгожых людзей: дзяўчаты ў сукенках і на абцасах і хлопцы ў кашулях. З першых акордаў гурта на чале з Ганнай Шалюцінай публіка імчыць на танцпол.

У адрозненне ад двух папярэдніх месцаў, у "Ангелах" гучыць самая розная музыка. Ад "Ромашек" Земфіры і "Оле-оле" Агуціна да "Rolling in the Deep" Адэль. Ганна актыўна ўзаемадзейнічае з публікай. І ўвогуле відаць, што тут яна любімая спявачка. І любоў — узаемная.

"Калі людзі не адарваліся ад талеркі ў час, калі ты спяваеш, значыць табе не трэба гэта рабіць. Так некалі казалі мне калегі, — разважае Аня. — Я атрымліваю вялікае задавальненне ад людзей. Чалавек аддае табе энергію ўзамен незалежна ад таго, слухае ён песню, табой напісаную, ці песню чужую. Зразумела, што ў любога артыста гэта не мяжа мараў. Але зноў жа, як кажа мой вельмі дасведчаны калега, у плане артыстычным гэта самы шчыры від заробку, бо ты вельмі блізкі да гледача, і ты ніяк не можаш яго падмануць — ён усё бачыць і ўсё чуе".

Чаму суперспявачкі ідуць спяваць каверы ў рэстарацыі

Ганна Шалюціна працуе на радыё АНТ. Яшчэ піша тэксты да песень. Але галоўнай справай жыцця лічыць менавіта музыку. Праўда, ад годнага аўтарскага матэрыялу таксама не адмовілася б: толькі тройчы ёй прапаноўвалі "яе" песні, з імі ж спявачка выйшла на "Песню года". Але, здаецца, Аня не вельмі пераймаецца з-за гэтага. Яна лічыць, што спяваць каверы — гэта зусім не кепска. Тым больш, кажа, Бог можа даць чалавеку менавіта талент выканаўцы. Добрыя выканаўцы могуць спяваць песні лепш, чым арыгінальны выканаўца. Да таго ж добрыя выканаўцы адчуваюць сябе цудоўна нават у перыяд крызісу:

"Я знаходжуся ў той самай зоне камфорту. У мяне няма вольных дат, у мяне ёсць праца і прыватныя святы ў сераду, у нядзелю, у панядзелак, у розныя дні. Я сябе адчуваю запатрабаванай. Мой тэлефон звініць, нататнік запаўняецца, мае музыкі адчуваюць сябе цудоўна: кормяць сем'і, сябе і адчуваюць задавальненне. І частка майго эга як бізнесмена задаволена таксама як і частка майго эга як артыста".

Выпусціць альбом у Беларусі Ганна Шалюціна лічыць не асабліва мэтазгодным: маўляў, у Беларусі няшмат жыхароў, таму альбом наўрад ці стане мультыплатынавым, а падарыць яго маме — такая сабе задума. Таму спявачка развівае свой менавіта выканальніцкі дар. У яе "рэстаранным" рэпертуары больш за 300 трэкаў. Ёсць шэраг рознапланавых праграм для розных месцаў і сітуацый. Вунь і сёння пасля "Ангелов" музыкі выпраўляюцца на начную вечарынку, дзе будуць граць музыку з 90-х.

"На трэцяй песні заўсёды бачыш, што з людзьмі: бывае, калі яны адразу адгукаюцца, бывае, калі паўгадзіны ты ўкладваеш, а потым пачынаюць вяртаць, а ёсць пакаленне клубаў, выхаванае рэміксамі — калі песня грае паўтары хвіліны, а потым іншая, і яны прыходзяць ва ўстанову з жывой музыкай, і ім песні 3-4 хвіліны слухаць нецікава. З гэтым нічога не зробіш. Бываюць нападкітку. Я не працую ў піўных пабах, мы працуем ў падобных гэтаму месцах, — дзеліцца назіраннямі спявачка. — На замову часам працуем. Але гэта чамусьці адбываецца ў асноўным зімой. А яшчэ мяне мой калега некалі вучыў: калі людзі пляскаюць — грошай не чакай, яны прыйшлі на канцэрт. А бывае — перадаюць вялікія сумы ў знак падзякі за выступ, а ты не ведаеш хто гэта зрабіў". 

Чаму суперспявачкі ідуць спяваць каверы ў рэстарацыі

Аня Шалюціна, энергічная і прыязная, кажа, што наўрад ці некалі спыніцца: яна не мае музычнай адукацыі, вучыць песні выключна на слых, спявае па тры-чатыры гадзіны ў дзень, добра зарабляе музыкай (пра што мараць многія) і пры гэтым адчувае сябе шчаслівай. І будучым дзецям, перакананая спявачка, наўрад ці будзе падабацца сумная і незапатрабаваная мама. 

Еўрарадыё шчыра дзякуе рэстаранам Belvedere і "Ангелы", а таксама лаўнж-кавярні "Чайхана" за магчымасць здымкаў і размовы з гераінямі рэпартажу.

Чаму суперспявачкі ідуць спяваць каверы ў рэстарацыі

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі