Чаму расіяне знаходзяць медыцынскія рэчывы ў беларускай малочцы, а беларусы не?

Чаму расіяне знаходзяць медыцынскія рэчывы ў беларускай малочцы, а беларусы не?

Рассельгаснагляд не будзе з 15 сакавіка забараняць пастаўкі малака з Беларусі. Пра гэта ў сераду заявіла прэс-сакратар ведамства Юлія Мелано. Паводле яе слоў, на наступным тыдні ў нашу краіну з Расіі прыедзе інспекцыя, якая наведае прадпрыемствы, якія пастаўляюць малако. Яна пракантралюе выкананне “расійскіх патрабаванняў і нормаў”. Кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт заявіў, што расійскі бок можа не ўвесці забарону на ўвоз малочных прадуктаў з Беларусі, калі спецыялістамі яго ведамства будуць выяўленыя пазітыўныя вынікі праверак беларускіх прадпрыемстваў.

Еўрарадыё сабрала ўсе выпадкі, калі Рассельгаснагляд знаходзіў ў беларускім малацэ сляды розных медыкаментаў. 

ААТ "Малако" — выяўленыя рэшткі антыбіётыкаў (хлортэтрацыклін) у вяршках, рэшткаў сульфаметазіну ў канцэнтраваным малацэ і наяўнасць антыгельмінтыкаў (альбендазолу сульфон) у канцэнтраванай малочнай сыроватцы. Пры гэтым ААТ "Малако" штогод закупляе экспрэс-тэсты для вызначэння астаткавай колькасці антыбіётыкаў у малацэ.

ПУП “Бабруйскмалако” — наяўнасць тэтрацыкліну ў стэрылізаваным пітным малацэ.

ААТ "Шчучынскі масласырзавод” — тэтрацыклін ў сыроватачна-бялковым канцэнтраце. Апошні раз Шчучынскі завод закупляў тэст-сістэмы для вызначэння антыбіётыкаў тэтрацыклінавай групы ў 2013 годзе.

ААТ "Аршанскі малочны камбінат вытворчы цэх Сенненскі" — перавышэнне сульфаметазіну, а таксама рэшткі альбендазолу сульфаксіду і альбендазолу сульфона ў згушчаным малацэ. Тры гады запар аршанскі камбінат закупляе экспрэс-тэсты на выяўленне антыбіётыкаў.

ААТ "Здравушка-мілк" Бярэзінскі філіял — выяўленне альбендазолу сульфону ў малочнай сыроватцы. Закупляюць тэсты апошнія чатыры гады.

ААТ “Мілкавіта” — сульфаметазін і трыметапрым, а таксама оксібендазол ў згушчаным абястлушчаным малацэ. Закуплялі тэсты на вызначэнне антыбіётыкаў у 2016 годзе.

СААТ “Белавежскія сыры” — цыпрафлаксацын ў малочнай канцэнтраванай сыроватцы. Закуплялі сістэмы для вызначэння антыбіётыкаў у малацэ ў 2013 і 2014 гадах.

"Полацкі малочны камбінат" — рэшткі сульфаметазіну і цыпрафлаксацыну. Закупляюць тэсты на вызначэнне антыбіётыкаў штогод з 2013 года.

 

 

Асаблівасць гэтых прэпаратаў тым, што для лячэння патрэбныя вельмі вялікія дозы, якія ў некалькі разоў перавышаюць чалавечыя дозы.

Хлортэтрацыклін — антыбіётык шырокага спектру.  Пабочныя дзеянні: парушэнне функцый страўнікава-кішачнага тракту, страта апетыту, млоснасць, ваніты, панос. Неабходная асцярожнасць пры лячэнні тэтрацыклінам цяжарных.

Сульфаметазін і трыметапрым. Паасобку яны аказваюць бактэрыастатычнае дзеянне, а разам — бактэрыцыднае. Забараняецца іх прымяненне, калі ёсць сур'ёзныя парушэнні функцый печані і нырак.

Альбендазол — прэпарат, які выкарыстоўваецца супраць глістоў. Пабочныя эфекты: галавакружэнне, сімптомы ліхаманкі, млоснасць, ваніты, кароткачасовае выпадзенне валасоў, болі ў жываце. Не прызначаюць альбендазол пры цяжарнасці, лактацыі і дзецям да двух гадоў.

Сульфаметазін можа выклікаць млоснасць, алергічныя рэакцыі, знізіць узровень лейкацытаў у крыві. Ён проціпаказаны пры цяжкай нырачнай недастатковасці, захворваннях крыві, цяжарнасці, лактацыі. Не рэкамендуецца ўжываць дзецям да 12 гадоў.

Цыпрафлаксацын нельга ўжываць да 18 гадоў, пры цяжарнасці і ў перыяд лактацыі.

Даведка

Начальніца лабараторыі "Здравушка-мілк" Галіна Царыёнава распавяла, як правяраецца малако, якое паступае да іх на вытворчасць:

"Мы правяраем на чатыры віды антыбіётыкаў. Закупляем палосачныя тэсты. У іх пэўная адчувальнасць. І вось тут асноўнае адрозненне паміж нашымі і расійскімі праверкамі. У іх — храматографы. Гэта больш адчувальныя апараты, якія здольныя выявіць нават вельмі малую колькасць медыцынскіх рэчываў. І з-за гэтага яны могуць бракаваць ўсё, што лічаць патрэбным. І тут яшчэ важны момант, што ні ў якіх тэхнічных рэгламентах не закладзена, што ў малацэ павінны цалкам адсутнічаць тыя ж антыгельментыкі. Усюды ёсць дапушчальная мінімальная колькасць. І мы на свае тэсты правяраем, каб не было перавышэння. Усё што перавышае, бракуецца".

На Полацкім малочным камбінаце не збіраюцца каментаваць, адкуль у прадукцыі з’явіліся гэтыя рэчывы. Дырэктар прадпрыемства Уладзімір Яцкевіч і кіраўнік вытворчай лабараторыі Алена Мірош адмаўляюцца ад якіх-небудзь каментарыяў.

Віцебская абласная ветэрынарная лабараторыя праводзіць усе патрэбныя аналізы на антыгельмінтыкі, антыбіётыкі і іншыя рэчывы. Па словах дырэктара лабараторыі Іллі Дароўскіх, тут  правяралі прадукцыю прадпрыемстваў Віцебскай вобласці, і ўсё добра:

"Мы праводзілі аналізы ўсёй прадукцыі і сыравіны з прадпрыемстваў, названых у справаздачах Рассельгаснагляда, на антыгельмінтыкі і антыбіётыкі. Яны нічога не выявілі, усе аналізы — адмоўныя".

Па словах ветэрынараў, альбендазолу сульфаксід амаль не ўжываецца ў нашай краіне:

"Гэта састарэлы малаэфектыўны сродак, у Беларусі амаль не ўжываецца. Не ўяўляю, адкуль яны яго ўзялі", — тлумачыць дырэктар абласной лабараторыі Ілля Дароўскіх.

Аднак толькі за 2017 год быў праведзены 21 тэндар на закупку альбендазолу. Вось вам, і амаль не ўжываецца.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі