Чаму паліцыя ў Польшчы выйшла на вуліцы і перастала штрафаваць парушальнікаў

Труна з надпісам "Паліцыя" на акцыі пратэсту ў Польшчы.
Труна з надпісам "Паліцыя" на акцыі пратэсту ў Польшчы.

У Варшаве адбылася беспрэцэдэнтная акцыя пратэсту польскіх сілавых структур. Па цэнтральных вуліцах горада прайшлі 30 тысяч паліцэйскіх, работнікаў дарожнай аўтаінспекцыі, памежнікаў, прадстаўнікоў пенітэнцыярнай сістэмы.

Толькі 10% пратэстуючых былі з Варшавы. Астатнія 90% сабраліся з усёй Польшчы. Удзельнікі пратэсту неслі труны з надпісамі "Паліцыя" і транспаранты з лозунгам "Хопіць эканоміць на бяспецы!".

Дзіўная сітуацыя. У Польшчы паліцэйскіх параўнальна менш, чым у Беларусі, яны зарабляюць менш беларускіх калег, а на пенсію выходзяць пазней. Але пры гэтым давер грамадзян да польскай паліцыі сур'ёзна перавышае аналагічны паказчык у Беларусі. Як польскія праваахоўнікі дамагліся гэтага, і чаго яны цяпер дамагаюцца ад урада, Еўрарадыё высветліла ў кіраўніка Федэрацыі прафсаюзаў ваенізаваных падраздзяленняў Польшчы Рафала Янкоўскага.

Рафал Янкоўскі нарадзіўся ў 1966 годзе. Служыў у аператыўных падраздзяленнях паліцыі. Член прафсаюза паліцыі з 1992 года. У 2016 годзе ўзначаліў прафсаюз паліцэйскіх Польшчы. Узнагароджаны медалямі "Заслужаны паліцэйскі", "За шматгадовую службу", "За заслугі перад паліцыяй". З ліпеня 2018 году — кіраўнік Федэрацыі прафсаюзаў ваенізаваных падраздзяленняў Польшчы.

Еўрарадыё: Ці была падобная акцыя пратэсту калі-небудзь у Польшчы?

Рафал Янкоўскі: Была, але не такая маштабная. На гэты пратэст прыехалі з Нідэрландаў, кіраўнік еўрапейскага прафсаюза паліцыі, лідары паліцэйскіх прафсаюзаў з Чэхіі, Венгрыі, Славакіі, Латвіі і Літвы. І ўсе яны сказалі, што ніколі не бачылі, каб такая колькасць людзей у мундзірах выйшла на вуліцы. І ў Польшчы ніколі не было такога маштабнага пратэсту. Але і настолькі цяжкай сітуацыі, у якой апынуліся службы, якія адказваюць за ўнутраную бяспеку краіны, яшчэ не было.

Сёння ў Польшчы ніхто не хоча стаць паліцэйскім! І гэта не таму, што стаўленне да гэтай прафесіі негатыўнае. Праблема ў тым, што польскім паліцэйскім мала плацяць, яны слаба абароненыя перад законам. Калі яны перавысяць свае паўнамоцтвы ці нешта здарыцца падчас нясення службы, то дзяржава іх наогул не абараняе. Акрамя таго, існуе праблема пенсійнага ўзросту. Прытым, што наогул гэта цяжкая прафесія. Хоць бы таму, што невядома, ці вернешся дадому пасля задання.

Як вынік: паліцыя вымушаная шукаць жадаючых уладкавацца на працу. На вакзалах, у службах занятасці вісяць аб'явы: "Стань паліцэйскім!". Такога не было ніколі. І мы сказалі: хопіць!

Почему полиция в Польше вышла на улицы и перестала штрафовать нарушителей

Мы ўжо пратэставалі тры гады таму, але тады нас было менш. І тыя палітыкі, якія сёння прыйшлі да ўлады [кіруючая партыя ў Польшчы — кансерватыўная "Права і Справядлівасць". — Еўрарадыё], тры гады таму нам казалі, што, маўляў, калі яны прыйдуць да ўлады, то не дапусцяць такой сітуацыі. Але яны прыйшлі да ўлады, і ўсё засталося па-ранейшаму. І таму мы пачалі пратэст. Я асабіста гэтага не хацеў, таму што пратэст паліцэйскіх дрэнна выглядае з пункту гледжання іміджу краіны. Усе сусветныя тэлеканалы паказалі, як польскія паліцэйскія выйшлі на вуліцу! Атрымліваецца, што краіна не можа забяспечыць нармальных умоў жыцця тым, хто павінен абараняць яе бяспеку.

Я спадзяюся, што мы дамовімся з міністрам унутраных спраў. І міністр, і я, мы разумеем, што ў службах бяспекі краіны ўсё павінна быць спакойна.

Прадаўцы ў гіпермаркетах атрымліваюць больш за паліцэйскіх

Еўрарадыё: Чаго канкрэтна вы дамагаецеся?

Рафал Янкоўскі: Сёння паліцэйскі выходзіць на пенсію ў 55 гадоў. Мы хочам, каб на пенсію не толькі ў паліцыі, але і іншых службах, можна было сысці, адслужыўшы 25 гадоў. І гэта не 100% пенсіі, гэта 70%. Гэта значыць, чалавек, калі ён яшчэ ў стане, можа падзарабіць. Што тычыцца зарплаты, то сёння прадаўцы ў гіпермаркетах атрымліваюць больш за паліцэйскіх. У сярэднім паліцэйскі, які пачаў службу, сёння атрымлівае 2,5 тысячы злотых [$675. — Еўрарадыё].

Еўрарадыё: Колькі вы просіце?

Рафал Янкоўскі: Мы просім прыбаўкі ў 650 злотых [$175. — Еўрарадыё].

Еўрарадыё: Летам у польскім урадзе 40 дзён доўжылася забастоўка бацькоў дзяцей інвалідаў. Яны прасілі 500 злотых. І ім не далі.

Рафал Янкоўскі: У Польшчы каля ста тысяч паліцэйскіх. А яшчэ ёсць памежнікі, пажарныя, работнікі пенітэнцыярнай сістэмы — каля 50 тысяч чалавек. Усяго 150 тысяч! І ў нас ёсць сем'і. Так што, калі ўрад не пойдзе нам насустрач, то ступень яго папулярнасці некалькі ўпадзе. Усё ж такі мы даволі вялікая група выбаршчыкаў.

Почему полиция в Польше вышла на улицы и перестала штрафовать нарушителей

Еўрарадыё: Вы меркавалі, што ў пратэсце возьме ўдзел 30 тысяч чалавек?

Рафал Янкоўскі: Калі я заяўляў у мэрыі правядзенне маніфестацыі, то назваў лічбу ў 10 тысяч удзельнікаў. А прыйшло 30 тысяч! Гэта сведчыць пра тое, наколькі дрэнная сітуацыя. Калі б не абавязкі, якія засталіся выконваць на сваіх месцах паліцэйскія, памежнікі, інспектары дарожнага руху, то ў пратэсце ўдзельнічалі бы ўсе.

Папярэджанні замест штрафаў

Еўрарадыё: Ваш пратэст пачаўся 10 ліпеня — якім чынам вы пратэстуеце?

Рафал Янкоўскі: З 10 ліпеня мы не выпісваем штрафаў за дробныя парушэнні. Калі кіроўца, напрыклад, перавысіў хуткасць або не ўключыў фары, то закон дазваляе не выпісваць штраф — паліцэйскі можа проста зрабіць яму папярэджанне. І польскія паліцыянты на працягу трох апошніх месяцаў робяць папярэджанні і не выпісваюць штрафы. І раздаюць вось такія налепкі: "Я езджу бяспечна! Падтрымліваю пратэст паліцэйскіх!".

А бюджэтам прадугледжаныя паступленні канкрэтных сум ад выпісвання штрафаў [як і ў Беларусі. — Еўрарадыё]. Дык вось, у ліпені, у параўнанні з ліпенем мінулага года, у бюджэт паступіла на 11 млн злотых ($2,9 млн) менш штрафаў. А ў жніўні — на 25 млн злотых ($6,7млн) менш. Мы мяркуем, што ў цэлым за тры месяцы нашага пратэсту бюджэт страціў 70 млн злотых ($18,9 млн) у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

Вось вам прыклад. Толькі адно Сілезскае ваяводства раней на працягу сутак выпісвала каля пяці тысяч штрафаў і давала каля 500 папярэджанняў. Сёння сітуацыя адваротная — каля пяці тысяч папярэджанняў і толькі 500 штрафаў.

Еўрарадыё: А як да гэтай акцыі паставіліся самі кіроўцы?

Рафал Янкоўскі: А вось гэта тое, што называецца "даданая вартасць". У працы нашай паліцыі статыстыка — самае галоўнае. Хто больш збярэ штрафаў, той і лепшы. А тут раптам апынулася, што ў ліпені і ў жніўні радыкальна скарацілася колькасць дарожных здарэнняў. Мы лічым, і гэтая ацэнка склалася ў тым ліку на падставе размоваў з кіроўцамі, што гэта эфект нашай акцыі.

У жніўні на польскіх дарогах зафіксавана 6880 здарэнняў, што на 800 здарэнняў менш, у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. На 27 чалавек менш загінула і на 1200 менш пацярпелых.

Еўрарадыё: Які вынік маніфестацыі?

Рафал Янкоўскі: Мы перадалі міністру нашы патрабаванні і чакаем з ім размовы.

Еўрарадыё: Калі прапановы міністра вас не задаволяць, то што тады? Зноў пратэст?

Рафал Янкоўскі: Думаю, што не адзін, але дэталі выдаваць пакуль не магу.

Почему полиция в Польше вышла на улицы и перестала штрафовать нарушителей
Злева — Рафал Янкоўскі

Еўрарадыё: Ці былі сігналы з боку ўдзельнікаў пратэсту, што ў іх пачаліся праблемы на працы?

Рафал Янкоўскі: Пакуль не. Але калі будуць, у нас ёсць адвакаты, і мы будзем абараняць нашых людзей.

Па дадзеных польскай сацыялагічнай кампаніі CBOS, у верасні 74% палякаў добра ацанілі дзейнасць паліцыі. Гэта на 6% больш, чым было ў сакавіку. На сайце польскай паліцыі адзначаецца, што яшчэ ніколі, пачынаючы з 1990 года, дзейнасць польскай паліцыі не ацэньвалася пазітыўна такой колькасцю палякаў. Галоўны камендант паліцыі генерал Яраслаў Шымчык звярнуўся з удзячнасцю да грамадзян: "Гэта лепшы падарунак, які мы можам атрымаць за сваю працу".

Акрамя таго, у верасні польская паліцыя заняла першае месца сярод іншых дзяржаўных інстытутаў улады з пункту гледжання пазітыўнай ацэнкі яе дзейнасці — 74%. На другім месцы мясцовыя органы самакіравання — 73%. На трэцім грамадскае тэлебачанне Polsat — 72%, на чацвёртым камерцыйнае тэлебачанне TVN — 65%, а замыкае пяцёрку армія — 64%. Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда размясціўся на 7 месцы (58%), касцёл набраў 55%, сейм — 29%.
Паводле звестак Беларускай аналітычнай майстэрні, па ступені даверу ў беларусаў міліцыя ў верасні мінулага года займала 8-е месца (52,6%). На першым месцы праваслаўная царква — 69,4%, на другім армія — 64,5%, на трэцім Нацыянальны банк — 58,4%. Аляксандр Лукашэнка апярэдзіў парламент, урад і суды, заняўшы пятае месца — 57,2%.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі