Чалы: Улада разумее, што папярэдні сацыяльны кантракт сябе вычарпаў...

...але не можа вырашыцца на перамены. Эксперт Еўрарадыё Сяргей Чалы прааналізаваў апошнія выказванні Лукашэнкі і высветліў, ці будуць беларусы пасля выбараў плаціць за медыцыну і ці з’явіцца ў нас Фінансавае агенцтва развіцця. Сяргей Чалы: Я б адзначыў тры з апошніх выказванняў прэзідэнта. Прычым важна звяртаць увагу на дэталі, бо і ў нас працуе так званая крэмліналогія: трэба глядзець не толькі на змест навіны, але і на кантэкст.

Несці груз “сацыялкі” нашай эканоміцы стала зусім цяжка

Сяргей Чалы: Першая рэпліка прагучала на Нарачы пры канцы ліпеня. Калі Лукашэнка размаўляў з людзьмі, ён сказаў, што дзяржава ўжо зараз магла б забяспечыць заробак у 1,5-2 тысячы долараў. Але тады за ўвесь сацыяльны пакет беларусам давядзецца плаціць па рыначных коштах. Тут звярнуць увагу варта было б у першую чаргу не на адказ, а на пытанне, якое задалі Лукашэнку.

А пытанне гэтае было пра перспектывы страхавой медыцыны ў Беларусі. Відавочна, што гэтае пытанне было зададзена адмыслова. Рэч у тым, што страхавая медыцына не з’яўляецца прадметам цікавасці насельніцтва! Людзей цікавіць якасць і даступнасць медыцынскіх паслугаў. А якім чынам — страхавая яна, бясплатная ці нейкая іншая — гэта наўрад ці мае для іх прынцыповае значэнне.



Чым тлумачыцца такое пытанне? Звернем увагу на апошнюю частку выказвання: пры вялікім заробку давядзецца плаціць за сацпакет па рыначных коштах, але вы да гэтага не падрыхтаваныя — вось як яно прагучала цалкам. “Вы да гэтага не падрыхтаваныя” гучыць нібыта просьба: калі ласка, запэўніце мяне ў тым, што гэта так!

Еўрарадыё: Але ў нас няма рынка медыцынскіх паслугаў!

Сяргей Чалы: Так, у выказванні ёсць хітрык. Ні рынку сацыяльных паслугаў, ні рынку паслугаў жыллёва-камунальнай гаспадаркі няма, таму гаворка ідзе пра манапольныя дзяржаўныя кошты, а ніяк не пра рынак. Але рэч не ў гэтым! Рэч у тым, што недзе ўнутры, у тым ліку і ў галаве прэзідэнта, і ў яго бліжэйшым атачэнні, разумеюць, што папярэдні сацыяльны кантракт сябе вычарпаў. Што груз таго, што ў нас называецца “сацыялкай”, нашай эканоміцы цяпер несці цяжка.

Еўрарадыё:
Як доўга гэтая праблема патрабуе вырашэння?

Сяргей Чалы:
Ёсць графік, на якім адлюстраваныя тэмпы росту заробкаў з тэмпамі росту прыбыткаў у бюджэт. Недзе з канца 2006 года заробкі апярэджваюць. І, натуральна, паўстае пытанне пра лібералізацыю гэтых рэчаў. Але гэта страшна, бо ўсе папярэднія гады сістэма захоўвалася і працавала. І на гэтым шмат у чым была заснаваная ідэалогія беларускай дзяржаўнасці.

Затое само з’яўленне гэтай фразы кажа, што там ідуць спрэчкі. Іншая справа — няма асэнсавання, што гэта непазбежна...

Медыцына стане даступнай толькі тады, калі стане платнай

Еўрарадыё:
Але большая частка беларусаў сапраўды не падрыхтаваныя аплачваць сацпакет напоўніцу. Ні маральна, ні фінансава...

Сяргей Чалы: Дык а ў чым праблема, калі сапраўды заробкі будуць у 1,5-2 тысячы долараў?

Еўрарадыё: У тым, што складана пачаць плаціць за рэчы, якія дагэтуль былі бясплатныя.

Сяргей Чалы:
Дарэчы, не так даўно я размаўляў з Раманчуком, і якраз гаворка ішла пра медыцыну. Пра чэргі ў паліклініках... Карацей, пра даступнасць медыцыны. І вось што цікава: Раманчук — эканаміст, і мусіць прапаноўваць эканамічнае рашэнне. Але нават ён у гэтым абмеркаванні ператварыўся ў папуліста і пачаў гуляць на полі прэзідэнта.

Паглядзі, што адбываецца, калі медыцына бясплатная: паліклінікі абложваюцца бабулькамі, якім, умоўна кажучы, няма чаго рабіць, для якіх паход у паліклініку — гэта social event. Пагаварыць, абмеркаваць свае хваробы з сяброўкамі, атрымаць крыху абавязковай увагі ад доктара... Але калі ўвесці хаця б сімвалічную плату — колькасць тых, хто ходзіць у паліклінікі проста так і стварае ўсе гэтыя шалёныя чэргі, зменшыцца імгненна.

Еўрарадыё: А даступнасць, адпаведна, палепшыцца.

Сяргей Чалы:
Калісьці ў старых быў ільготны праезд у транспарце — калі пенсіянеры бясплатна каталіся. Стаіш над імі, сціснуты з усіх бакоў, а яны паміж сабой абмяркоўваюць, што на іншым канцы горада ў гастраноме яйкі таннейшыя на 10 рублёў. А пасля сядаюць на іншы транспарт і едуць усе туды!

Зразумела, што ад увядзення сімвалічнай платы ў паліклініках да сапраўднай рэформы далёка. Але гэта прыклад таго, як дрэнна, калі нешта можна атрымаць зусім бясплатна. А каб сапраўды рабіць медыцыну платнай, трэба спачатку ствараць рынак. Альтэрнатыўныя магчымасці ЖКГ, медыцыны і г.д. Іначай, паўтаруся, магчымы пераход не на рыначныя, а толькі на манапольныя дзяржаўныя кошты.

Еўрарадыё: Але нашыя ўлады пакуль што на пераходнай стадыі: цягнуць — цяжка, кінуць — шкада.

Сяргей Чалы: Галоўнае — што асэнсаванне праблемы ўжо ёсць. Але да канчатковай прычыны таго, што сацпакет зацяжкі для бюджэту, яшчэ далёка. А прычына гэтая — тое, што эканоміка арганізавана неэфектыўна. І гэтага не змяніць, пакуль не будзе рэфармаваная сістэма дзяржаўнай падтрымкі. Пра гэта кажуць усе, і найперш эксперты МВФ. І архімедаў рычаг, які можа перагарнуць беларускую эканоміку, — Фінансавае агенцтва развіцця.

Улада нагадвае хворага, які імкнецца пазбегнуць неабходнай аперацыі

Сяргей Чалы: Без ФАР немагчыма рэфармаваць нічога. Гэта і сістэма дзяржпраграм, і аздараўленне балансаў банкаў, і даступнасць крэдыту для камерцыйных прадпрыемстваў, і зніжэнне працэнтнай стаўкі, і павышэнне ўстойлівасці банкаўскай сістэмы — усё завязана на гэтым агенцтве. Але што атрымліваецца: стварыць Фінансавае агенцтва развіцця мы паабяцалі пры пачатку 2009 года. Але дагэтуль нічога няма!

З тыдзень таму Пётр Пракаповіч казаў, што праект указа накіраваны на ўзгадненне прэзідэнту. Але замест узгаднення яго вярнулі на дапрацоўку. Пасля была сустрэча прэзідэнта, Пракаповіча і старшыняў двух дзяржаўных банкаў, праз якія і праходзіць асноўны аб’ём дзярждатацый: “Беларусбанка” і “Белаграпрамбанка”. І там з вуснаў Лукашэнкі прагучала наступнае: слухайце, ну абыходзіліся ж мы неяк раней без гэтага агенцтва? Можа, і сапраўды можна без яго? Ці не так, Пётр Пятровіч?

Еўрарадыё: Ізноў адчуваецца гэтае “упэўніце мяне”?

Сяргей Чалы: Па ўсім бачна, што Лукашэнка вагаецца. І, у дадатак, абмеркаванне праблемы трапляе ў СМІ. Праблема з унутранай робіцца публічнай. Вынік пакуль што негатыўны: ніхто і блізка не абвяшчае рэформаў “сацыялкі” і сістэмы дзяржпадтрымкі. Але глыбінны сэнс гэтых выказванняў заключаецца ў тым, што дыскусія ідзе. У тым ліку, думкі пра неабходнасць рэформаў ёсць у галаве прэзідэнта. І асэнсаванне таго, што рэформы неабходныя, недзе ў глыбіні свядомасці ўжо ляжыць. Побач са спадзяваннем на тое, што без рашучых крокаў можна абысціся.

Еўрарадыё: Пра што трэцяе выказванне Лукашэнкі?

Сяргей Чалы: Падчас наведвання Магілёўскай вобласці прэзідэнт даручыў зрабіць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы рэнтабельнымі. Але гэта гучыць даволі абсурдна: рэнтабельнасць не дасягаецца дырэктыўным спосабам. Хаця ў глыбіні душы і ёсць разуменне, што насамрэч з сітуацыі трэба ратавацца рыначнымі сродкамі. Думаю, што і той, хто даваў гэтае даручэнне, і той, хто яго атрымліваў, добра ведаюць: адміністрацыйным прышпорваннем эканомікі пытанні рэнтабельнасці не вырашаюцца.

Цікава, што ўсё, што мы тут абмеркавалі, узаемазвязана. Рэнтабельнасць сельскагаспадарчых прадпрыемстваў залежыць ад памераў дзяржпадтрымкі, якая з’яўляецца пытаннем Фінансавага агенцтва развіцця, ад працы якога залежыць эфектыўнасць эканомікі, а значыць напаўняльнасць бюджэту, і, у выніку — здольнасць бюджэту трымаць “сацыялку”, якая яго абцяжарвае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі