Вы тут

Чаго дамагаецца "Газпрам", скарачаючы пастаўкі газу праз Беларусь у Еўропу

За тыдзень экспарт газу ў ЕС праз Беларусь упаў на 70% / Reuters​

Расійская кампанія "Газпрам" працягвае скарачаць пастаўкі газу ў Еўропу праз Беларусь, паведамляе выданне euobserver.com са спасылкай на дадзеныя расійскай энергетычнай кампаніі.

За тыдзень экспарт у ЕС праз Беларусь упаў на 70% — са 112 мільёнаў кубаметраў 26 верасня да ўсяго 30 мільёнаў кубаметраў 3 кастрычніка. Скарачаюцца і пастаўкі газу ў Еўропу праз Украіну.

Беларускі ўчастак — частка трубаправода Ямал — Заходняя Еўропа. На мінулым тыдні пастаўкі па трубаправодзе Ямал упалі ўдвая. Амерыканскія аналітыкі мяркуюць, што скарачэнне здабычы на Ямале можа прывесці да павышэння цэн на газ зімой. Гэта пры тым, што цэны на газавыя ф'ючарсы ўжо цяпер б'юць рэкорды.

У Маскве "абвінавачванні ў тым, што "Газпрам" не пастаўляе газ у Еўропу", называюць "абсурднымі". У такім ключы выказаўся дырэктар па экспарце кампаніі Сяргей Комлеў.

Тым не менш некаторыя палітыкі і аналітыкі лічаць, што Расія "закручвае гайкі, каб стварыць палітычны, а таксама рынкавы ціск", піша euobserver. Масква спяшаецца запусціць "Паўночны паток-2" і хоча распараджацца ім як сваёй прыватнай манаполіяй. Тым часам нямецкія ўлады ўжо папярэдзілі, што "Газпрам" можа быць аштрафаваны, калі пачне прапампоўку газу да таго, як афіцыйна пачне выконваць законы ЕС аб "недыскрымінацыйным доступе да сетак" для канкурэнтаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.