Фіксаваная цана на газ — перавага Беларусі: у Еўропе цэны б'юць рэкорды

Тысяча кубоў расійскага газу каштуе для Беларусі $128,5 / Reuters
Тысяча кубоў расійскага газу каштуе для Беларусі $128,5 / Reuters

Цана на газ у Еўропе працягвае біць гістарычныя рэкорды. Па звестках біржы ICE Futures, 1 кастрычніка яна дасягнула амаль $1200 за 1 тысячу кубоў. Гэта ў 9,3 раза даражэй, чым плаціць Беларусь.

Еўрарадыё паразмаўляла з экспертамі і даведалася, як "Газпрам" цісне на Еўропу з дапамогай паставак газу і ці можа гэта адбіцца на Беларусі.
 

Попыт у Азіі падагрэў цэны

Рост цаны на газ пачаўся з рэзкага падвышэння попыту ў Азіі, расказвае партнёр інфармацыйна-кансалтынгавага агенцтва RusEnergy Міхаіл Круціхін. Праз гэта ў Азію накіраваліся патокі звадкаванага газу, што панізіла прапанаванне на еўрапейскім рынку. Таму падняліся цэны.

Фиксированная цена на газ — преимущество Беларуси: в Европе цены бьют рекорды
Рост попыту і спекуляцыі падштурхнулі рост цэн на газ / Reuters

Пасля гэтага ў справу ўступіў "Газпрам", які абвясціў, што скарачае пастаўкі газу ў Еўропу. Абвясціў, што не заключае новых кантрактаў, перастаў запампоўваць газ у падземныя сховішчы ў Еўропе, перастаў заключаць пагадненні на прапампоўку новых аб'ёмаў праз украінскую тэрыторыю, паставіў на абслугоўванне некалькі газаправодаў, адмовіўся заключаць новыя кантракты на электронных пляцоўках, — расказвае Міхаіл Круціхін.

Такія дзеянні найбуйнейшага пастаўшчыка прымусілі чакаць яшчэ большага падвышэння цэн.

На фінансавым рынку ф'ючарсныя кантракты [кантракты на пастаўкі ў будучыні. — Еўрарадыё] на газ, апцыёны і гэтак далей — фінансавыя інструменты, звязаныя з газам, таксама пайшлі ўгору пад уздзеяннем спекулянтаў, якія сітуацыяй скарысталіся. Вось усё гэта разам і падштурхнула ўгору еўрапейскія цэны на газ.

Цяпер Еўропа мае асаблівую патрэбу ў расійскім газе, бо восень халаднейшая, чым годам раней, а запасы прыроднага газу ў газасховішчах досыць нізкія.

Нягледзячы на тое, што ацяпляльны сезон вось-вось павінен пачынацца, яшчэ нядаўна гэта было адсоткаў 70 загрузкі гэтых сховішчаў, — расказвае аналітык у сферы энергетыкі Таццяна Манёнак. Гэта прыкладна на 15% ніжэй за ўзровень апошніх гадоў.
 

"Газпрам" вядзе палітычную гульню

У "Газпрама" ёсць магчымасць нарасціць пастаўкі ў Еўропу і задаволіць попыт, але ён не робіць гэтага па палітычных меркаваннях, лічаць апытаныя эксперты.

Фиксированная цена на газ — преимущество Беларуси: в Европе цены бьют рекорды
"Газпрам" хоча хутчэй увесці ў эксплуатацыю "Паўночны паток — 2" / Reuters

"Газпрам" зусім спакойна мог бы скарыстацца сітуацыяй і прадаваць газ дадаткова. Ён наўмысна ідзе на страты, неатрыманы прыбытак, каб паставіць Еўропу на калені фактычна і прымусіць яе прызнаць, што "Газпрам" можа працаваць як манапаліст на такіх маршрутах, як "Паўночны паток — 2". Задача "Газпрама" прымусіць Еўропу такім шантажом прыняць умовы па дзейнасці "Паўночнага патоку — 2", — кажа Міхаіл Круціхін.

Пры гэтым "Газпрам" выконвае доўгатэрміновыя кантракты, таму і прэтэнзіі яму прад'яўляць складана, адзначае Таццяна Манёнак.

Але ў яго яшчэ была праца на электроннай біржы. Каля 30 адсоткаў продажаў ажыццяўлялася на спотавых рынках, гэта значыць на біржы. Цяпер гэтага няма.

Зразумела, што матывацыя "Газпрама" — падштурхнуць увод у эксплуатацыю "Паўночнага патоку — 2", які знаходзіцца на стадыі сертыфікацыі. Гэта тое, чаго ён дамагаўся доўгі час, — хутчэй запусціць "Паўночны паток — 2" і адмовіцца ад транзіту праз Украіну.
 

Для Беларусі адзін мінус

Фиксированная цена на газ — преимущество Беларуси: в Европе цены бьют рекорды
Для Беларусі "Паўночны паток — 2" — гэта ў кожным разе страты / Reuters

Для Беларусі такія пературбацыі не страшныя, бо цана на расійскі газ для нашай краіны фіксаваная — 128,5 долара за 1 тысячу кубоў — і не ўсталёўваецца па рынкавым прынцыпе.

Фиксированная цена на газ — преимущество Беларуси: в Европе цены бьют рекорды
Сонечныя батарэі ў Францыі / Reuters

Рост цаны на газ і праблемы з неабходным аб'ёмам паставак падштурхнуць Еўропу яшчэ больш актыўна пашыраць вытворчасць і спажыванне аднаўляльнай энергіі, лічаць эксперты.

Бачачы, што газ можа гуляць такія благія жарты з еўрапейскім энергазабеспячэннем, еўрапейцы зробяць узмоцненыя спробы ў гэтым кірунку. І давер да такіх ненадзейных пастаўшчыкоў, як "Газпрам" і Расія, яшчэ больш будзе падарваны, — кажа Міхаіл Круціхін.

Наўрад ці год таму хтосьці чакаў, што цэны на спотавых рынках у Еўропе вырастуць фактычна ў тры разы. Гэта фактар, які турбуе вельмі многіх спажыўцоў. Практыка паказвае, што рост цэн на выкапнёвыя рэсурсы стымулюе хутчэйшы пераход да нетрадыцыйных відаў энергіі, — робіць выснову Таццяна Манёнак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі