Чацьвёрты турнір году па сумо выйграў 23-гадовы ёкадзуна Хакухо

27-га ліпеня ў японскім мястэчку Нагоя завяршыўся чацьвёрты класічны турнір года па барацьбе сумо за Імператарскі кубак, 15-дзённы марафон – Нагоя басё. 15 перамог ў 15 паядынках здабыў 23-гадовы мангол, ёкадзуна Хакухо (Белы Фенікс). У заключнай схватцы Белы Фенікс ўзяў рэванш за паразу на мінулым Нацу басё ў першага еўрапейскага азэкі балгарына Катаосю (Гулівера). У спрыяльны момант Хакухо, шасьціразовы уладальнік Імператарскага кубка, эфектным кідком перакуліў двухметровага Калаяна Махлянава на спіну.
Першы ёкадзуна XXI-га стагоддзя мангол Асасёрю пасля шостага паядынку зняўся са спаборніцтваў з-за траўмы локця. Толькі 11 белых шароў удалося здабыць бліжэйшаму пераследніку Хакухо азэкі Катаміцукі. У апошні дзень турніру 32-гадовы прадстаўнік школы Садогатакэ парадаваў сваіх прыхільнікаў і выпіхнуў з арэны ў спіну ветэрана азэкі Каё. Па дзесяць перамог на Нагоя басё здабылі сэківакэ Ама, які, дарэчы ўшанаваны прэміяй гінасё за тэхнічнае майстэрства, камусубі Таёнасіма, адзначаны дадаткова прэміяй сукюнсё за эфектныя перамогі над ёкадзуна і азэкі, пяты маэгасіра Захаду эстонскі асілак Балт, шэраговыя маэгасіра Кёкутэнхо, Масацукаса і Тоёхібікі, які ўзнагароджаны за высокі байцовы дух прэміяй кантасё. Па дзевяць пераможных белых шароў у свае турнірныя капілкі паклалі азэкі Каё і Ціётакай, маэгасіра Міябіяма, Хамасё, Рохо і Тачыадзан. Па 8-м – у маэгасіра Асасэкірю, Івакіямы, Какюрю, Тачынасіна, Ёсікадзэ і дэбютанта вышэйшага дывізіёну макууці Ціёхакухо. Наступны, пяты, восеньскі турнір года за Імператарскі кубак Акі Басё пройдзе з 7-га па 21-га верасня ў такійскім Палацы спорту “Какугікан”.
Віктар Чайкін

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі