Чацверты дзень менш за 800 новых выпадкаў: статыстыка па COVID-19 у Беларусі

На 14 чэрвеня ў Беларусі пацверджаныя 53973 выпадкі COVID-19. +732 выпадкі за апошнія 24 гадзіны. Колькасць новых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі чацверты дзень запар трымаецца ніжэй за 800.

Па статыстыцы Мінздароўя, выпісаныя з лякарняў 30103 пацыенты, у якіх была пацверджаная каранавірусная інфекцыя (+992). З іх 29795 паправіліся (+987). 308 пацыентаў з выяўленым COVID-19 памерлі (+5).

Калі верыць Мінздароўя, за суткі ў Беларусі зроблена 19464 тэсты на каранавірусную інфекцыю. Гэта новы максімум. Для параўнання: прыкладна столькі тэстаў было зроблена ў Беларусі за два першыя месяцы эпідэміі, з 20 студзеня па 20 сакавіка. Агулам з пачатку пандэміі праведзены 733788 аналізаў на COVID-19.

Адсотак тэстаў, якія паказалі новыя выпадкі COVID-19 за апошнія 24 гадзіны, знізіўся і склаў 3.76%. Гэта самы нізкі адсотак за апошнія два месяцы. Аднак нам не паведамляюць, колькі з 19464 тэстаў планава і па запатрабаванні робіцца медыкам і сілавікам, колькі — паўторна пацыентам з пацверджаным COVID-19, і колькі — людзям з падазрэннем на каранавірусную інфекцыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.