Былая тэлепрапагандыстка: раней я бачыла іншага Лукашэнку

Былая тэлепрапагандыстка: раней я бачыла іншага Лукашэнку

Былая тэлепрапагандыстка Інга Хрушчова цяпер працуе ў камандзе патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты Віктара Бабарыкі. Яна збірала подпісы за яго вылучэнне (сабрала больш за 300) і далучылася да ініцыятывы правядзення канстытуцыйнага рэферэндуму. У інтэрв'ю Радыё Свабода Хрушчова разважае пра тое, як змяніўся за 26 гадоў прэзідэнцтва Аляксандр Лукашэнка.

Ігна Хрушчова ўзначальвала аддзел палітычных аглядальнікаў Агенцтва тэлевізійных навін, суправаджала кіраўніка дзяржавы ў яго паездках па краіне, крытыкавала апазіцыю. Але сем гадоў таму нечакана сышла з БТ, працавала ў турыстычным бізнесе, цяпер стварае графікі і відэа.

Падчас збору подпісаў Хрушчова заўважыла, як змяніўся настрой людзей. Як яна лічыць, найперш з-за таго, што жыццё не паляпшаецца, а пагаршаецца. І да гэтага дадалося ігнараванне ўладамі пандэміі каранавіруса. "Для многіх стала сапраўдным шокам, як улады павялі сябе ў сітуацыі з пандэміяй, — распавядае Інга Хрушчова. — Нас папросту пакінулі сам-насам з бядой... Я ўжо не кажу пра рыторыку, якая гучала на адрас хворых ды памерлых".

Былая прапагандыстка прызнаецца, што ў часы працы на БТ бачыла ў Лукашэнку "крыху іншага чалавека". "Некалі ён жыў у невялікім дамку ў Драздах з некалькімі ахоўнікамі (не тысячамі, як цяпер), сустракаўся з людзьмі, хацеў заглыбіцца ў праблемы, — кажа яна. — А паступова ўсё ператварылася ў дэкарацыю. Паралельныя сусветы адзін ад аднаго аддаляліся... Няма ўжо дыялогу з народам".

Інга Хрушчова не разумее, чаму ўлада ідзе на "затрыманні, збіццё, гвалт". Яна лічыць, што гэта "вельмі трывожны знак" і "гэта насамрэч вельмі страшна".

"Калі жадаеш дабра свайму народу і адчуваеш, што выпадаеш з кантэксту развіцця сусветных працэсаў, зрабі, каб людзям стала лепей. Сыдзі!", — так выказалася Хрушчова пра кіраўніка дзяржавы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі