Бязвізавым рэжымам з ЕС скарысталіся 55 тысяч грамадзян Грузіі

Бязвізавым рэжымам з ЕС скарысталіся 55 тысяч грамадзян Грузіі

Тры месяцы, з 28 сакавіка, пачаў дзейнічаць бязвізавы рэжым паміж Грузіяй і Еўрасаюзам. За гэты час 55 тысяч грамадзян Грузіі скарысталіся магчымасцю паехаць у ЕС без візы. Прычым тры тысячы з іх дагэтуль у Грузію не вярнуліся, піша jam-news.net.

Бязвізавы рэжым дазваляе грамадзянам Грузіі наведваць ЕС на працягу 90 дзён. Ці парушылі яны ўмовы бязвізавага рэжыму, пакуль што не вядома: частка з іх магла пераехаць у такую ​​краіну, з якой Грузія таксама мае пагадненне аб бязвізавым рэжыме. Такое меркаванне выказаў намеснік міністра ўнутраных спраў Шалва Хуцышвілі.

Ён паведаміў, што Міністэрства ўнутраных спраў ідэнтыфікавала ўсе тры тысячы чалавек, якія не вярнуліся ў Грузію пасля 90 дзён. "Магчыма, некаторыя з іх перабраліся ва Украіну, іншыя — у Беларусь, трэція — у Турцыю. Адназначна казаць пра іх як пра парушальнікаў 90-дзённага тэрміну знаходжання нельга, але мы ўключылі гэтых людзей у патэнцыйную групу рызыкі і ажыццяўляем маніторынг — хто такія, з якога рэгіёну выехалі, іх сувязі, што можа іх цікавіць і г.д.", — заявіў Хуцышвілі. 

Па яго словах, ведамства не мае звестак пра тых, хто перасёк сухапутную мяжу альбо трапіў на тэрыторыю Еўрасаюза з нейкіх іншых краін — напрыклад, спярша паехалі ў Беларусь, а адтуль выехалі ў Літву.

Згодна з умовамі бязвізавага рэжыму паміж Грузіяй і краінамі ЕС, грамадзяне Грузіі маюць права без віз знаходзіцца ў краінах Шэнгенскай зоны (а таксама ў чатырох краінах-кандыдатах — Румыніі, Балгарыі, Кіпры, Харватыі) на працягу 90 дзён кожныя 180 дзён.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі