Брэсцкае “Дынама” адказала БАТЭ наконт траўмы Неманьі Мілунавіча

Брэсцкае “Дынама” адказала БАТЭ наконт траўмы Неманьі Мілунавіча. Дынамаўцы не згодныя, што Аляксей Гаўрыловіч нанёс яе гульцу барысаўчан наўмысна.

Інцыдэнт адбыўся 14 красавіка, калі БАТЭ на “Барысаў-Арэне” абыграла аднаго з фаварытаў чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай лізе брэсцкае “Дынама” (2:0). Мілунавіч пасля сутыкнення з Гаўрыловічам матч дайграў, але пасля яго заканчэння стала вядома пра пашкоджанне “храстковай тканіны правага каленнага сустава”. У сваёй заяве ФК БАТЭ адзначыў, што “траўму Мілунавіча складана назваць гульнявой” і спасылаюцца на відэапаўтор. Барысаўчане перакананыя: “Аляксей Гаўрыловіч наўмысна наступіў на нагу саперніку, які апынуўся на газоне”. Яны выказалі шкадаванне, што суддзя не заўважыў гэты эпізод і не пакараў дынамаўца. У той жа час ФК БАТЭ хоча “звярнуць увагу грамадскасці і судзейскага корпусу на дадзены эпізод”, каб пакараць гульца брэсцкага "Дынама". Тым больш, што Гаўрыловіч “гуляе падобным чынам не ўпершыню”.

ФК “Дынама-Брэст” выказаў шкадаванне, што гулец БАТЭ атрымаў траўму ў тым паядынку і жадае Неманьі Мілунавічу найхутчэйшага выздараўлення. Аднак дынамаўцы катэгарычна не згодныя “з адназначнай трактоўкай спрэчнага эпізоду, якую прадставілі прадстаўнікі барысаўскага клуба”. Яны лічаць, што “высновы прадузятыя і пабудаваныя на эмоцыях”.