Вы тут

Боча і сабакакафэ: якія праекты перамаглі ў народным галасаванні Social Weekend

Social Weekend

9 сакавіка скончылася народнае галасаванне на конкурсе сацыяльных праектаў Social Weekend. Выбіраць можна было з 476 заявак, размеркаваных па сямі катэгорыях: ад "Медыцына і ЗЛЖ" да "Інфраструктура гарадоў і вёсак".

Каб прагаласаваць, трэба было адправіць эсэмэску на кароткі нумар. Не бясплатна: арганізатары прыйшлі да высновы, што бясплатнае СМС-галасаванне сумленным не бывае. За адзін праект з аднаго нумара можна было прагаласаваць толькі адзін раз. Лідары набралі ад 495 да 977 галасоў. Расказваем, якія сацыяльныя праекты жыхары Беларусі палічылі самымі актуальнымі.

Магчымасці для супольнасцяў

У раздзеле "Магчымасці для супольнасцяў" першым стаў праект "Фэст-майстэрня Kreva Сreate". Каманда праекта хоча правесці ў старадаўнім беларускім горадзе Крэве двухтыднёвую майстэрню па ўзнаўленні гісторыі мястэчка — месца сілы, якое натхняе і дае аснову для самавыяўлення. Вынікі гэтай працы пакажуць на двухдзённым фестывалі.

Kreva Create

Другое месца і гарантаваную пуцёўку ў навучальную частку Social Weekend атрымаў праект "Валанцёрская школа". Яго рэалізуе грамадскае аб'яднанне "Дабракі" з Віцебскай вобласці. Гэта адукацыйная пляцоўка для людзей, якія хочуць развівацца праз валанцёрства.

“Дабракі”

Дзеці і бацькі

У катэгорыі "Дзеці і бацькі" лідзіруе праект "У майстэрні ўсёй сям'ёй" па стварэнні школьных майстэрняў для дзяцей і іх бацькоў у Мінску. Гэта могуць быць нестандартныя ўрокі фізікі, англійскай або працы, гульня ў тэніс ці катанне на лыжах.

Трохі адстаў па колькасці галасоў праект "Родныя дзеці". Гэта праект для ўсыноўленых дзяцей і іх новых бацькоў. Усыноўленыя дзеці часта маюць нізкую самаацэнку і лічаць, што нічога не могуць зрабіць самі. Залучаючы іх у самыя розныя актыўнасці — ад малявання да летняй "школы выжывання", — праект развівае ў іх упэўненасць у сабе.

Разам заўсёды весялей

Інфраструктура гарадоў і вёсак

У катэгорыі "Інфраструктура гарадоў і вёсак" перамагла "Адкрытая пляцоўка" з Гатава пад Мінскам. Праект прадугледжвае арганізацыю дваровых пляцовак. Тут спорт, ЗЛЖ, сямейны адпачынак, супрацоўніцтва з мясцовымі ўладамі. Гэта лідар усяго галасавання, на яго карысць было адпраўлена 977 эсэмэсак.

На другім месцы "CooBee HOME", які дапамагае ўтрымліваць пад'езды і дваровыя тэрыторыі шматкватэрных дамоў у парадку і бяспецы.

 

"CooBee HOME"

Культура і мастацтва

У гэтай катэгорыі перамог харавы конкурс імя дырыжора Віктара Роўды. Яго плануецца арганізаваць у Мінску ў красавіку 2021 года — за паўгода да стагоддзя майстра.

За ім — "Дахі для Мураванкі" — праект па захаванні гаспадарчага двара сядзібы Храптовічаў Мураванка.

"Дахі для Мураванкі" — захаваць і прымножыць.

Медыцына і ЗЛЖ

У катэгорыі "Медыцына і ЗЛЖ" больш за ўсё эсэмэсак атрымаў праект "Спорт для ўсіх" па развіцці ў Беларусі гульні боча. Гэта спартыўная гульня з мячом, блізкая да боўлінга і петанка, у якую гуляюць на інвалідных калясках.

Спорт для ўсіх

На другой пазіцыі "Сямейны ўік-энд" — рэабілітацыйная праграма, якая дазволіць сем'ям, якія перанеслі лячэнне дзяцей ад анкалогіі, займець падтрымку.

Навука і адукацыя

У раздзеле "Навука і адукацыя" на першым радку канферэнцыя "Альтэрнатывы эксперыментам на жывёлах". Назва гаворыць сама за сябе — удзельнікі ініцыятывы дамагаюцца, каб жорсткіх эксперыментаў у навуцы стала менш.

Канферэнцыя "Альтэрнатывы эксперыментам на жывёлах"

На другім месцы інклюзіўны цэнтр сямейнага дабрабыту і прафарыентацыі "PinkPony". Пляцоўка дапаможа людзям з асаблівымі адукацыйнымі патрэбамі атрымаць веды згодна са сваімі запатрабаваннямі і самім забяспечваць сябе.

"PinkPony"

Экалогія і абарона

Калі ў котакафэ беларусы яшчэ могуць пабываць — у Вільні, — то што з сябе ўяўляе сабакакафэ, вы дакладна не ведаеце. Але ўдзельнікі ініцыятывы "Адданасць сябру" з Пінска гатовыя вам яго прадэманстраваць, і ў гэтым жаданні іх падтрымлівае нямала людзей! На першай пазіцыі ў катэгорыі "Экалогія і зоаабарона" стаіць антыкафэ DogHut, дзе будзе жыць невялікая кампанія дружалюбных і дагледжаных бяздомных сабак.

Крыху менш галасоў набраў фонд дапамогі мінскім кошкам "Квакайзер".

Каманды, чые праекты перамаглі ў народным галасаванні, чакаюць тры дні навучання і ўзмацнення. Потым — чвэрцьфінал, паўфінал для шчасліўчыкаў і г. д. Пераможцы конкурсу займеюць матэрыяльную падтрымку, удзельнікі — новыя веды і сертыфікаты аб курсах, пройдзеных у рамках Social Weekend.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.