Вы тут

Біскуп Юрый Касабуцкі пракаментаваў скандальную карыкатуру на ксяндзоў

Юрый Касабуцкі / Catholic.by

Матэрыял з карыкатурай на каталіцкіх святароў, апублікаваны ў дзяржаўнай газеце, не павінен заслугоўваць такой увагі, лічыць біскуп Юрый Касабуцкі.

Дзяржаўная газета "Мінская праўда" напярэдадні апублікавала на першай паласе карыкатуру на каталіцкіх святароў, якія робяць з крыжа свастыку і спяваюць "Магутны Божа".

Тым не менш біскуп палічыў важным яшчэ раз акрэсліць сваю пазіцыю адносна тых тэм, якія закранула дзяржаўная газета.

"Я заўсёды выступаў супраць гвалту, насілля, катаванняў, нясправядлівасці, хлусні, рэпрэсій. Я не змяню гэтага свайго погляду, не гледзячы на пагрозы, шантаж і таму падобныя рэчы, з якімі мне прыходзіцца сутыкацца", — адзначыў Юрый Касабуцкі. Ён падкрэсліў, што такі светапогляд грунтуецца на Евангеллі.

Біскуп нагадаў, што " бел-чырвона-белы сцяг — гэта ў хрысціянскай сімволіцы знак і сімвал Уваскрослага Хрыста, і гэта не залежыць ад ідэолагаў, якія сёння шукаюць "аргументы "супраць".

Першая паласа "Мінскай праўды" ад 7.09.2021

Гімн "Магутны Божа" даўно стаў часткай літургіі, таму што гэты гімн — гэта малітва за краіну і народ, адзначыў Юрый Касабуцкі.

"А калі гэта не падабаецца сучасным ідэолагам, гэта не праблема Царквы", — сказаў ён. І цяпер "Магутны Божа" часова не выконваюць у касцёлах толькі для таго, каб нікога не раздражняць.

Раней аб сумнеўнай карыкатуры ўжо выказаўся прэс-сакратар каталіцкай царквы ў Беларусі Юрый Санько. Ён ацаніў гэты малюнак як плявок у твар мільёнам каталікоў.

Гэтым летам у кафедральны сабор ужо прыходзіла міліцыя — папярэджвала, каб у касцёлах не спявалі "Магутны божа". Пры гэтым, як распавядаў тады Юрыя Касабуцкага, супрацоўнікі органаў самі не разумелі, што канкрэтна парушаюць у касцёлах, калі выконваюць гэтую малітву.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.