Вы тут

Біскуп Касабуцкі: прыходзіла міліцыя з прэтэнзіяй наконт "Магутнага Божа"

Біскуп Юрый Касабуцкі / З архіву Еўрарадыё

"У мінулую нядзелю, 4 ліпеня, у нашу мінскую архікатэдру прыйшлі супрацоўнікі міліцыі з прэтэнзіяй, што парушана нейкая там норма заканадаўства наконт малітвы "Магутны Божа",піша ў Facebook біскуп Юрый Касабуцкі. — Што канкрэтна, яны не разумелі самі...".

Раней Аляксандр Лукашэнка папярэджваў католікаў наконт выканання гэтага рэлігійнага гімна: "Глядзіце, нарвецеся".

"Чаму мы не можам спяваць "Магутны Божа"? Пытанне рытарычнае...", — піша Касабуцкі. Ён нагадвае, што тэкст гімна быў напісаны паэткай Наталляй Арсенневай падчас вайны, а музыка ўжо ў пасляваенны час. У 1993-м "Магутны Божа" прапаноўвалі зрабіць дзяржаўным гімнам Беларусі. Яго спяваюць не толькі каталікі, але і прадстаўнікі іншых хрысціянскіх канфесій.

"Гімн "Магутны Божа" — гэта перш за ўсё малітва за нашу бацькаўшчыну і за наш народ", — падкрэслівае каталіцкі біскуп.

"Кожная малітва нясе ў сабе неверагодную сілу і здольная зрабіць нават вялікія цуды, — працягвае ён. — Калі ж пэўная малітва мае вялікую моц, то і д'ябал будзе змагацца з ёй з найбольшай сілай і рабіць шматлікія перашкоды, каб людзі гэту малітву не ўжывалі...".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.