Без намёкаў. Як Беларусь свой спадарожнік запускала

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з Іланам Маскам выпадковыя / калаж Улада Рубанава 
Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з Іланам Маскам выпадковыя / калаж Улада Рубанава 

Запуск гэтага касмічнага апарата павінны быў стаць квітком да новых тэхнічных магчымасцей, але нешта пайшло не так.  

Еўрарадыё ўзгадвае, як і навошта Лукашэнка пакараў космас. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з Іланам Маскам выпадковыя.

Над стварэннем першага беларускага касмічнага спадарожніка зандавання Зямлі ўлады задумаліся на пачатку нулявых. Але навошта ён быў патрэбны?

У 2005 годзе Сяргей Залаты, кіраўнік прадпрыемства "Геаінфармацыйныя сістэмы" НАН Беларусі (нацыянальны аператар беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі) растлумачыў: на той час Беларусь не мела шырокага доступу да здымкаў з космасу з прычыны іх высокага іх кошту — тады яны абыходзіліся ў $10 за квадратны метр. Магчымымі спажыўцамі лічыліся розныя міністэрствы і ведамствы, здабыўныя прадпрыемствы, будаўнічая, транспартная і тэлекамунікацыйная галіны. Акрамя таго, з'яўлялася магчымасць абнавіць безнадзейна састарэлыя на той момант тапаграфічныя карты. Пазней у спіс дадаліся "пытанні нацбяспекі".

Праект апарата "БелКА" быў гатовы ў 2003-м і перададзены ў расійскі Каралёў у ракетна-касмічную карпарацыю "Энергія". Спадарожнік і ўкраінска-расійская (было і такое!) ракета-носьбіт "Днепр" былі гатовы да лістапада 2004 года, пасля чаго яшчэ паўтара года праводзіліся розныя выпрабаванні. Новаспечаны апарат транспартавалі з падмаскоўнага Каралёва на касмадром Байканур у траўні 2006-га. 26 ліпеня адбыўся доўгачаканы запуск. На стартавую пляцоўку паназіраць за гістарычнай падзеяй прыбыў нават Лукашэнка. Але нешта пайшло не так…

Запуск адбыўся штатна ў 23:43 па маскоўскім часе, аднак на 73-й секундзе палёту рухавікі ракеты адключыліся. Ракета і спадарожнік згарэлі ў атмасферы, а некаторыя фрагменты ўпалі ў пустыні на поўдні Казахстана. Высвятленнем прычын надзвычайнага здарэння займалася спецыяльная камісія. Па словах яе кіраўніка, генеральнага дырэктара Цэнтральнага навукова-даследчага інстытута машынабудавання Мікалая Анфімава, да спынення аднаго з рухавікоў першай ступені прывяло парушэнне працы гідрапрывада.

Кошт стварэння спадарожніка вар'іраваўся, па дадзеных з розных крыніц, ад $ 9 млн да $ 13 млн. Аднак грошы не былі страчаныя: затраты пакрываліся страхавымі выплатамі ў памеры $16 млн. Гэтыя грошы вырашылі накіраваць на стварэнне новага спадарожніка.

Рашэнне аб паўторным запуску было прынята ў 2007 годзе. Будучы спадарожнік назвалі проста — Беларускі касмічны апарат (БКА), распрацоўкай займалася карпарацыя, якая ўваходзіць у структуру “Раскосмасу”.

Запуск спадарожніка прызначылі на канец 2010 — пачатак 2011 года. Але наземная адпрацоўка заняла больш часу, чым чакалася. Спадарожнік не паляцеў ні ў 2010, ні ў 2011-м.

У выніку апарат запусцілі 22 ліпеня 2012 года. А 6-й раніцы Беларусь такі стала касмічнай дзяржавай.

Чым займаецца БКА на арбіце?

Галоўная задача спадарожніка — рабіць фотаздымкі тэрыторыі зямнога шара з вышыні 510 км. З дапамогай касмічнага зонда спецыялісты выяўляюць цеплавыя анамаліі, робяць прагноз надвор'я і ўраджайнасці збожжавых культур, адсочваюць тэхнагенныя і прыродныя надзвычайныя сітуацыі (пажары, паводкі), ствараюць і абнаўляюць тапаграфічныя і навігацыйныя карты, выяўляюць перспектыўныя пляцоўкі для распрацоўкі карысных выкапняў.

Тэрмін дзеяння спадарожніка скончыўся яшчэ ў 2017-м. Аднак Акадэмія навук прыняла рашэнне прадоўжыць яго працу да 2025 года. Па балістычных разліках беларускіх вучоных, якія адказваюць за працаздольнасць спадарожніка, на працягу 20-25 гадоў ён натуральным чынам увойдзе ў шчыльныя пласты атмасферы і згарыць. Гэтым разам планавана. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі