Вы тут

Без намёкаў. Краіна — чэмпіён па генацыдзе свайго насельніцтва

Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя / калаж Улада Рубанава

Ніводны іншы рэжым за ўвесь час, мабыць, не знішчыў у такія сціслыя тэрміны столькі свайго насельніцтва: за чатыры гады загінуў кожны сёмы жыхар краіны.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” згадвае чырвоных кхмераў у Камбоджы, якія сталі сусветнымі чэмпіёнамі па генацыдзе свайго народа. Гэта экскурс у сусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснай Беларуссю выпадковыя.

Чырвоныя кхмеры

“Чырвоныя кхмеры” — неафіцыйная назва крайне левай плыні ў камуністычным руху ў Камбоджы, створанай у 1968 годзе. Іх ідэалогія грунтавалася на непрыманні ўсяго заходняга і сучаснага. У асноўным рух папаўнялі сельскія падлеткі 12–16 гадоў, якія страцілі бацькоў і ненавідзелі гараджан як "памагатых амерыканцаў".

17 красавіка 1975 года чырвоныя кхмеры захапілі Пнампень. Іх кіраўнік Пол Пот аб'явіў пра пачатак "рэвалюцыйнага эксперымента" для пабудовы ў Камбоджы "стаадсоткавага камуністычнага грамадства". Краіну перайменавалі ў Дэмакратычную Кампучыю. Прызналі яе толькі Кітай, Албанія і Паўночная Карэя. Дэ-факта і СССР, бо Пол Пота запрашалі ў Маскву.

У чым заключаўся эксперымент?

Пол Пот

Чырвоныя кхмеры падзялілі насельніцтва на тры катэгорыі:

"Асноўны народ" — самыя адданыя рэжыму людзі;

"Новы народ" — людзі, якіх трэба перавыхаваць.

Ну і ворагі народа. Туды трапілі лекары, настаўнікі, былыя буйныя землеўладальнікі, навукоўцы, будысцкія манахі, чыноўнікі і вайскоўцы папярэдніх рэжымаў і нават замежныя дыпламаты. Гэтых людзей проста забівалі. Інтэлігенцыяй лічыліся проста тыя, хто насіў акуляры.

Па ўсёй краіне ствараліся найвышэйшыя формы кааператываў, у якіх сагнаныя з гарадоў людзі ў цяжкіх умовах займаліся фізічнай працай. З прымітыўнымі прыладамі ці ўручную людзі працавалі па 12–16 гадзін у дзень, а часам і даўжэй.

Як расказвалі тыя нямногія, хто здолеў выжыць, у многіх раёнах у дзень яны елі ўсяго адну міску рысу на 10 чалавек. Кіраўнікі полпотаўскага рэжыму стварылі сетку шпіёнаў і заахвочвалі ўзаемныя даносы, каб паралізаваць волю народа да супраціву.

За крымінальныя злачынствы (напрыклад, за сарваны з дрэва камуны банан) пагражала смяротнае пакаранне.

Судовая сістэма так званай Дэмакратычнай Кампучыі таксама не была патрэбная. Да ахвяр прымяняліся разнастайныя катаванні. У мэтах эканоміі боепрыпасаў людзей часцяком забівалі малаткамі, сякерамі, рыдлёўкамі ці завостранымі бамбукавымі палкамі. Смяротнае пакаранне праводзілі ў асноўным маладыя салдаты родам з сельскай мясцовасці.

Заканчэнне эксперымента

Чырвоныя кхмеры ваявалі не толькі з жыхарамі сваёй краіны, але і з суседнім В’етнамам. У выніку знешняга супраціву рэжым Пол Пота ўрэшце паў у 1979 годзе. 

Дакладная колькасць загінулых ад рук чырвоных кхмераў з'яўляецца прадметам спрэчак. Урад, які ўсталявалі в'етнамцы, заяўляў пра больш як 3 мільёны ахвяр. Па інфармацыі ЦРУ, кхмеры пакаралі смерцю да 100 тысяч чалавек, але ўсяго загінула да 1 мільёна 200 тысяч чалавек — у асноўным ад голаду. Пазнейшыя ацэнкі даюць прыкладна 1 мільён 700 тысяч ахвяр.

У кожным разе лічбы каласальныя: да прыходу кхмераў насельніцтва Камбоджы складала каля 7 мільёнаў.

Суды

 

Прыцягнуць да адказнасці лідараў руху доўгі час не ўдавалася, бо многія з іх пакінулі краіну або ўладкаваліся на мяжы з Тайландам. У адным з прымежных раёнаў да канца сваіх дзён пражыў і Пол Пот. Ва ўзросце 72 гадоў ён памёр у 1998-м пры нявысветленых абставінах.

Міжнародны судовы працэс над чырвонымі кхмерамі з удзелам ААН пачаўся толькі ў 2003 годзе. У 2010-м да 35 гадоў турмы быў прысуджаны Канг Кек Іеу, начальнік сакрэтнай турмы Туол Слэнг. У жніўні 2014 года трыбунал прысудзіў да пажыццёвага зняволення найбліжэйшых паплечнікаў Пол Пота — Нуона Чэа і Кхіеу Сампхана. Яшчэ адзін лідар руху — Іенг Сары — так і не дачакаўся прысуду: у 2013 годзе ён памёр ва ўзросце 87 гадоў.

Кхіеу Сампхан і Нуон Чэа

Нуон Чэа сваёй віны так і не прызнаў. На адным з судовых пасяджэнняў ён заявіў, што яго галоўнай мэтай было “вызваліць радзіму ад ворагаў, якія хацелі ўкрасці краіну”.

Кхіеу Сампхан неаднаразова заклікаў жыхароў Камбоджы не капацца ў мінулым і вырашаць надзённыя праблемы. То-бок прапанаваў “перагарнуць старонку”.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.