Беспарадкі ў Тбілісі: ці здолее алігарх Іванішвілі збіць пратэсты саступкамі?
Чаму пратэст без лідара нявыгадны ўладам, ці захавае пасаду прэзідэнтка Саломэ Зурабішвілі, калі народ даруе паліцыі гумовыя кулі?
Пакуль Расія ўводзіць санкцыі на грузінскае віно і спрабуе сарваць грузінам турыстычны сезон, у Тбілісі працягваюцца вулічныя акцыі. Мы распыталі рэдактара JAMnews Дзмітрый Аваліяні, калі выдахнуцца пратэсты і чым яны могуць скончыцца.
Еўрарадыё: Як так атрымалася, што грузінская паліцыя, якая прайшла такія рэформы, пачала страляць у пратэстоўцаў?
Дзмітрый Аваліяні: Гэта вялікі сорам для грузінскай паліцыі. Але трэба заўважыць, што ў пратэстоўцаў страляла не патрульная паліцыя, а спецназ. Ну, мы пабачылі, што у спецназе працуюць людзі, якія ў стане чалавеку стрэліць у твар. Прычым стралялі небяспечнымі, практычна лятальнымі боепрыпасамі, якія ўжываюцца да нейтралізацыі дзікіх буйных жывёл! Адзін з удзельнікаў акцыі зараз у коме.
Безумоўна, адказнасць за такія загады ляжыць на міністры унутраных спраў. Таму пратэстоўцы і патрабуюць адстаўкі Георгія Гахарыі. І ўвогуле, трэба расследаваць гэты жорсткі акт, адказныя асобы павінныя панесці пакаранне. Пытанне не ў тым, рэфармаваная паліцыя ці не, а ў тым, што расправу ўчыніла абмежаваная група асобаў. Чый быў загад і якія матывы – мусіць сказаць следства.
Еўрарадыё: Хто ўзначальвае пратэстоўцаў? Гэта апазіцыйны лідар Грыгол Вашадзэ?
Дзмітрый Аваліяні: Не, Вашадзэ ролі лідара не грае, гэты працэс арганізоўваюць не палітычныя партыі, у гэтых пратэстаў няма аднаго канкрэтнага лідара. Усе папярэднія спробы вывесці народ на вуліцы заканчваліся няўдачай, таму што народ не ішоў за палітыкамі. А самыя масавыя акцыі заўсёды былі моладзевымі, яны збіраліся стыхійна, як рэйв-пратэст летась.
Еўрарадыё: Адсутнасць яўнага лідара пратэстаў – гэта мінус ці плюс?
Дзмітрый Аваліяні: Я не лічу, што гэта мінус. Наадварот, калі б нейкія палітычная партыя хацела б узначаліць пратэст, то хутчэй за ўсё ён хутка пагас бы. Па-першае, моладзь не паважае партыі, па-другое, улада хутка знайшла б кампрамат на апазіцыйную партыю, і гэта прымусіла б людзей адвярнуцца. Улады заўсёды могуць сказаць нешта накшталт: “Вы ідзеце за Саакашвілі, а той разганяў мітынгі і катаваў людзей”. А калі людзі выходзяць не за кагосьці, а супраць некага, дык тут ім сказаць ужо няма чаго. Але калі пратэстоўцы высунулі патрабаванне прапарцыйных выбараў, то апалітычныя людзі вымушаныя будуць зрабіць свой выбар, і апазіцыйныя сілы ў выніку атрымаюць новых прыхільнікаў.
Еўрарадыё: Ці атрымаецца ў алігарха Бідзіны Іванішвілі збіць хвалю пратэсту?
Дзмітрый Аваліяні: Іванішвілі, канешне, спадзяецца, што пасля саступак пратэстоўцы разыйдуцца. Але гэтага не адбудзецца, людзі абураныя. Сёння выйшла з бальніцы 18-гадовая дзяўчына, якая засталася без вока. Такое не хутка забываецца і не даруецца. Такія рэчы немагчыма перакрыць нейкімі выбарамі 2020 года. Не думаю, што людзі хутка разыдуцца.
Еўрарадыё: Грузінскія ўлады пагадзілася змяніць выбарчую сістэму. Але ці не здаецца вам, што ўвядзенне выключна прапарцыйнай сістэмы не выратуе дэмакратыю?
Дзмітрый Аваліяні: Тут трэба казаць пра грузінскі кантэкст. У нас палова парламенту камплектуецца па мажарытарных акругах. Калі краінай кіруе алігарх з вялікімі грашыма, гэта азначае, што мажарытарныя месцы ў парламенце яму гарантаваныя, палова парламента ляжыць у кішэні ў кіруючай партыі. Цяпер прынамсі гэта памяняецца. То бок калі цяпер яны маюць у парламенце 70%, то на наступных выбарах атрымаюць 40%, не больш. Вядома, і па прапарцыйнай сістэме галасы на месцах могуць набывацца, але як паказала практыка, мажарытаршчыкі – гэта мясцовыя феадалы ад улады, якім гарантаваны мандат.
Еўрарадыё: Але Іванішвілі сказаў і пра адмену 5%-га парога. Ці не адкрые гэта парламент для маргінальных ці радыкальных груповак?
Дзмітрый Аваліяні: Справа тут нават не ў радыкальных палітычных сілах, а ў тым, што Іванішвілі пакідае сабе лазейку: ён спадзяецца, што калі ў яго партыі “Грузінская мара” па прапарцыйнай сістэме не будзе большасці, дык ён зможа перакупіць нязначныя палітычныя сілы. Не абавязкова гэта будуць сатэліты “Грузінскай мары”. І тут ужо хто каго перагуляе.
Еўрарадыё: У якой сферы Грузія найбольш патрабуе празрыстасці і рэформ?
Дзмітрый Аваліяні: Безумоўна, суды, пракуратура, паліцыя патрабуюць карэннага рэфармавання, бо гэтыя інстытуты абслугоўваюць аднаго чалавека, а не дзяржаву і народ. На жаль, судовая сістэма не была рэфармаваная і пры Саакашвілі. Суды пры пры Саакашвілі залежылі ад выканаўчай улады, і гэта была адна з асноўных яго памылак. Бо калі б ён зрабіў незалежны суд, яго аднапартыйцы не сядзелі б, а ён сам не бадзяўся б цяпер па іншых краінах. Новая ўлада не стала рэфармаваць суд, а проста падпарадкавала яго сабе.
Еўрарадыё: Як сітуацыя ў краіне адаб'ецца на пазіцыях прэзідэнткі Саломэ Зурабішвілі? Ці захавае яна за сабой прэзідэнцкае крэсла?
Дзмітрый Аваліяні: Ва ўнутранай палітыцы Зурабішвілі настолькі нязначная фігура, што яе меркаваннем ніхто не цікавіцца. Самае камічнае, што ідуць пратэсты, а ніхто не патрабуе адстаўкі таго ж прэм’ера Мамукі Бахтадзэ, пра яго нават і не ўзгадваюць. Безумоўна, Зурабішвілі свой пост захавае, толькі па той прычыне, што ад яе нічога не залежыць.