У Грузіі затрымалі беларуса, які пяць гадоў чакае палітычнага прытулку
Леў Міхееў (злева) і Раман Кісляк у Тбілісі / Раман Кісляк
У Грузіі затрыманы беларус Леў Міхееў. Ён чакае палітычнага прытулку з 2021 года. Пра яго затрыманне паведамляе выданне "Позірк" са спасылкай на праваабаронцу Рамана Кісляка.
Міхееў, паводле Кісляка, чакае прытулку ці не даўжэй за ўсіх іншых беларусаў. У Грузіі ён браў удзел у розных акцыях і атрымліваў пагрозы ад беларускага КДБ.
Нядаўна мужчына звярнуўся ў аддзел міжнароднай абароны Дэпартамента міграцыі МУС Грузіі, каб падоўжыць часовае пасведчанне асобы. Зранку 25 верасня яго затрымалі ў адной з вёсак і павезлі ў дэпартамент на сумоўе, пра што ён паспеў паведаміць Кісляку. Пасля гэтага сувязь перарвалася.
Кісляк сцвярджае, што справа Міхеева знаходзіцца ў Тбіліскім апеляцыйным судзе. Мяркуецца, што ён усё яшчэ мае стасус прасіцеля прытулку. "Але, магчыма, яе ўжо разглядзелі, і яму не паведамілі. Тады яго могуць затрымаць для дэпартацыі", — кажа праваабаронца.
Дэпартаваць Міхеева могуць у краіну паходжання — Беларусь ці ў іншыя краіны.