Чатырох беларусаў, пацярпелых у аварыі ў Грузіі, выпісалі з бальніц

Аварыя ў Грузіі

Аварыя ў Грузіі / ghn.ge

Чатырох беларусаў, пацярпелых у аварыі ў Грузіі, выпісалі з бальніц. Пра гэта інфармагенцтву БЕЛТА расказаў амбасадар Беларусі ў Грузіі Мікалай Рагашчук.

"Па стане на вечар пятніцы 14 жніўня адзін пацыент выпісаны з Рэспубліканскай клінікі ў Батумі і тры — з лякарні Чахатауры. Астатнія пацыенты пакуль знаходзяцца пад наглядам, ім аказваецца ўся неабходная дапамога", — паведаміў дыпламат.

Паводле яго, цяжкіх пацыентаў сярод пацярпелых няма, але грузінскія лекары хочуць яшчэ пару дзён патрымаць беларусаў пад наглядам. Рагашчук заявіў, што пацыентам аказваюць усю неабходную дапамогу, у тым ліку зрабілі камп'ютарную тамаграфію і рэнтген.

За бліжэйшыя пару дзён, паабяцаў Рагашчук, будзе вырашанае пытанне з адпраўкай у Беларусь першых двух целаў пары 20-21 года. А на пачатку наступнага тыдня на радзіму плануюць адправіць яшчэ дваіх загінулых.

Пра смяротную аварыю ў Грузіі стала вядома 13 жніўня. Мікрааўтобус з беларускімі турыстамі на павароце дарогі перакуліўся з абрыву. Чатыры чалавекі загінулі, яшчэ пятнаццаць пасажыраў былі ўпіталізаваныя з разнастайнымі траўмамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.