Вы тут

Белы дом рыхтуе "сюрпрыз" да гадавіны выбараў у Беларусі

Святлана Ціханоўская і прэзідэнт ЗША Джо Байдэн / White House press service

Чакаецца, што адміністрацыя Байдэна абвесціць пра новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі ў панядзелак, 9 жніўня, у гадавіну пачатку пратэстаў супраць вынікаў выбараў. Пра гэта CNN паведаміла крыніца ў кангрэсе ЗША.

Пакуль не вядома, на што будуць накіраваныя новыя санкцыі, але Святлана Ціханоўская заяўляла на сустрэчы з журналістамі ў Вашынгтоне, што перадала адміністрацыі Байдэна канкрэтны спіс мэтаў, якія яе каманда хацела б бачыць пад санкцыямі. Паводле яе слоў, у спісе кампаніі, манапалізаваныя рэжымам Лукашэнкі і яго паплечнікамі, уключаючы кампанію "Беларуськалій", а таксама нафтавыя, лясныя і сталеліцейныя прадпрыемствы.

Апазіцыйны лідэр заклікала адміністрацыю ўвесці больш строгія санкцыі, заявіўшы, што, на яе думку, першапачатковыя дзеянні ў гэтым напрамку былі больш сімвалічнымі і «маральнымі санкцыямі».

Таксама Святлана Ціханоўская на гэтым тыдні звярнулася да міжнароднай супольнасці з просьбай "даслаць сігнал салідарнасці з беларусамі, якія змагаюцца за дэмакратыю і свабоду" 9 жніўня, у гадавіну выбараў, што выклікалі масавыя пратэсты па ўсёй Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.