Беларусы за суткі сабралі $8500 для сям'і экс-палітвязняволенай Вольгі Такарчук

Вольга Такарчук з мамай Ірынай

Вольга Такарчук з мамай Ірынай / @viasna96

Беларусы за суткі сабралі для сям'і былой палітзняволенай і блогеркі Вольгі Такарчук больш за €8500. Сям'я тэрмінова вымушаная была выехаць з Беларусі пасля таго, як у канцы студзеня да іх зноў прыйшлі сілавікі. Маці Вольгі затрымалі, на яе завялі крымінальную справу.

Вольга расказала, што падчас гэтага ператрусу ў яе забралі тэлефон, знайшлі інфармацыю пра "Е-дастаўку". Яна патлумачыла сілавікам, што "сапраўды адна жанчына дапамагла мне пасля вызвалення ежай. Але ў чым тут злачынства? Што я ўзяў каўбасу?" Сілавікі заявілі, што ініцыятыва IneedHelp прызнаная экстрэмісцкай, а значыць, "іх прадукцыя экстрэмісцкая, і калі я яе ела, то ўносіла свой уклад у экстрэмізм", расказала Вольга ў інтэрв'ю "Радыё Свабода". Нагадаем, ініцыятыва IneedHelp дапамагала тым, хто хацеў падтрымаць іншых беларусаў, знайсці кантакты сем'яў палітвязняў. У канцы студзеня былі затрыманыя сотні чалавек, якія нейкім чынам сутыкаліся з гэтай ініцыятывай.

Маці Вольгі абвінавацілі паводле артыкула "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (361-4 КК РБ). "Садзейнічанне — гэта тое, што мая мама дапамагала людзям, якія, напрыклад, не ўмелі карыстацца тэлефонамі і рознымі праграмамі. Таму мама часам заказвала "Е-дастаўку", паказвала адрасы тых людзей, якім патрабавалася дапамога", — расказвае Вольга. На допыт выклікалі і яе бацьку, у яго таксама забралі тэлефон. Вольгу папярэдзілі, што супраць бацькі таксама могуць завесці справы. Таму яна забрала яго і маленькіх дзяцей і выехала з Беларусі.

Саму Вольгу судзілі ў 2021 годзе паводле трох артыкулаў (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, абразу суддзі і паклёп), прысудзілі да паўтара года калоніі. На волю яна выйшла ў чэрвені 2022 года. І да апошняга не планавала з'язджаць з Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі