Беларусы атрымалі найвышэйшую ўзнагароду Амерыканскіх глабальных медыя

Ігар Лосік, Алег Груздзіловіч, Андрэй Кузнечык / svaboda.org
Ігар Лосік, Алег Груздзіловіч, Андрэй Кузнечык / svaboda.org

Журналісты Радыё "Свабода" Алег Груздзіловіч, Андрэй Кузнечык і Ігар Лосік сталі лаўрэатамі ўзнагароды "За выдатную журналістыку" імя Дэйвіда Бэрка. Гэтая прэмія штогод уручаецца журналістам з пяці медыяарганізацый, якія ўваходзяць у склад Агенцтва глабальных медыя ЗША, перадае Радыё "Свабода".

9 снежня ў Вашынгтоне ўзнагароды ўручала кіраўніца Агенцтва Аманда Бэнэт. Яна адзначыла асабістую мужнасць журналістаў беларускай службы Радыё "Свабода" і высокую цану, якую яны плацяць за права выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Усе трое былі асуджаныя беларускім судом. На волю пакуль што выйшаў толькі адзін лаўрэат — Алег Груздзіловіч. У сваёй прамове ён заявіў: "Пасля дзевяці месяцаў турмы міліцыянты вывезлі мяне на мяжу з Літвой і забаранілі вяртацца на Радзіму. У Беларусі я ўнесены ў спіс экстрэмістаў, як і мае калегі Ігар Лосік і Андрэй Кузнечык, якія застаюцца за кратамі. 30-гадовы Ігар Лосік атрымаў найбольшы з нас тэрмін — 15 гадоў зняволення. Андрэя Кузнечыка пакаралі 6 гадамі зняволення".

Груздзіловіч згадаў, што церпяць і сем'і арыштаваных журналістаў. Жонку Ігара Лосіка Дар'ю таксама арыштавалі — ёй пагражае да чатырох гадоў турмы. Іх чатырохгадовая дачка Паўліна застаецца без бацькоў. Андрэя Кузнечыка з турмы чакаюць двое малалетніх дзяцей.

Па словах журналіста, іншыя вязні падтрымліваюць палітычных зняволеных, ставяцца да іх з павагай. "Зараз кожны дзясяты вязень у беларускіх турмах — палітычны. І ўжо мала хто верыць, што яны "экстрэмісты" ці "тэрарысты", — канстатуе Груздзіловіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі