Беларускія праваабаронцы прызналі палітзняволенай былую супрацоўніцу пракуратуры

У спіс палітвязняў дадалі пяць прозвішчаў. Іх агульны лік складае 1327 чалавек.
Беларускія праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 5 чалавек. Гэта — Ілля Гольцаў, Аляксей Рэзнікаў, Анастасія Лазарэнка, Наталля Лашч і Дзмітрый Іванчанка. Іх справы праваабарончыя арганізацыі лічаць палітычна матываванымі і патрабуюць вызвалення. Агульны лік палітвязняў у Беларусі складае 1327 чалавек.
Лашч — былая супрацоўніца пракуратуры. Пра яе затрыманне стала вядома ў жніўні. Крымінальную справу распачалі за "распальванне сацыяльнай варожасці" — "незаконна распаўсюджвала інфармацыю пра прыватнае жыццё пракурорскіх работнікаў [Фрунзенскага раёна] і іх персанальныя даныя ў сетцы інтэрнэт".
Гольцаў асуджаны на два гады калоніі за каментары ў сацсетках. Рэзнікаў атрымаў 4 гады і 6 месяцаў зняволення па артыкулах "распальванне іншай сацыяольнай варожасці ці варажнечы", "знявага дзяржаўных сімвалаў", "абраза Лукашэнкі" і "рэабілітацыя нацызму".
Іванчанка змешчаны пад варту за "абразу Лукашэнкі", "абразу прадстаўнікоў улады", "заклікі да санкцый" і "распальванне сацыяльнай варажнечы". Лазарэнка — адвакатка, яе затрымалі ў пачатку лета. Яна таксама змешчана пад варту за перадачу даных сілавікоў тэлеграм-каналам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.