Беларускія палітычныя партыі не змогуць атрымліваць дапамогу з-за мяжы

Аляксандр Лукашэнка падпісаў дэкрэт, якім скарэктаваў ранейшыя правілы атрымання бязвыплатнай замежнай дапамогі / Ілюстрацыйнае фота БЕЛТА​

Палітычныя партыі і саюзы палітычных партый больш не змогуць атрымліваць бязвыплатную дапамогу з-за мяжы. Гэта прадугледжана зменамі, якія ўносяцца ў дэкрэт прэзідэнта ад 25 траўня 2020 года № 3 "Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе". Аляксандр Лукашэнка падпісаў новы дэкрэт, яго тэкст апублікаваны на Нацыянальным прававым партале.

Раздзел, які тычыцца забароны на атрыманне і выкарыстанне дапамогі, пашыраны. Да гэтага часу замежныя грошы нельга было атрымліваць і выкарыстоўваць у трох мэтах:

  • на ажыццяўленне тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці, а таксама іншых дзеянняў, якія прыносяць шкоду нацыянальнай бяспецы, дзяржаўным і грамадскім інтарэсам;
  • на падрыхтоўку або правядзенне выбараў, рэферэндумаў, адклікання дэпутатаў, на арганізацыю і правядзенне масавых мерапрыемстваў, выраб або распаўсюд агітацыйных матэрыялаў;
  • на арганізацыю мерапрыемстваў, накіраваных на правядзенне палітычнай і агітацыйна-масавай работы сярод насельніцтва.

Цяпер гэты раздзел дапоўнены яшчэ адным пунктам. Грошы з-за мяжы нельга атрымліваць на "фінансаванне палітычных партый, саюзаў (асацыяцый) палітычных партый".

Пашыранае таксама паняцце "грашовыя сродкі". Раней у дакуменце адсутнічала паняцце "электронныя грошы", уводзіцца паняцце "замежныя ананімныя ахвярадаўцы". Ёсць і шэраг іншых карэкціровак.

Акрамя таго, дакумент прадугледжвае, што за незаконнае атрыманне замежнай дапамогі фізічнай асобе будзе пагражаць штраф да 30 б.в. з канфіскацыяй усёй дапамогі, а юрыдычнай асобе — "да ста працэнтаў ад сумы (або кошту) замежнай бязвыплатнай дапамогі з канфіскацыяй гэтай дапамогі". Права складаць пратаколы па такіх адміністрацыйных справах атрымалі міліцыя і прадстаўнікі дзяржкантролю. Пры паўторным парушэнні гэтага дэкрэта цягам года атрымальніку дапамогі з-за мяжы можа пагражаць абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў ці нават пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Дэкрэт уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання. Пры гэтым частка аб пакараннях за незаконнае выкарыстанне замежнай дапамогі будзе дзейнічаць да таго часу, пакуль не будуць унесеныя адпаведныя папраўкі ў КК і КаАП. Дэкрэт яшчэ павінныя ўзгадніць парламентарыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.