Вы тут

Знаток Леанід Клімовіч адмяніў "Што? Дзе? Калі?" праз праблемы са здароўем

Леанід Клімовіч / "Фэйсбук"

Сёлета міжнародны турнір па "Што? Дзе? Калі?" "Кубак Палесся", які праходзіць у Гомелі з 1992 года, перанесены на нявызначаны тэрмін з прычыны шпіталізацыі арганізатара. Гэты арганізатар — вядомы беларускі знаток Леанід Клімовіч. Стан яго здароўя пагоршыўся — гэта наступствы гіпертанічнага крызу, перанесенага некалькі гадоў таму.

"Штогод бацьку трэба класціся пад кропельніцу, — расказвае Еўрарадыё дачка знатака Вольга Клімовіч.З-за працы ён адкладваў шпіталізацыю. Па восені стала горш. Доктар настаяў абавязкова легчы ў бальніцу, іначай усё можа скончыцца вельмі сумна".

Вольга расказвае, што бацька вельмі хацеў правесці фестываль, але і сам ён, і яго сваякі выдатна разумеюць, што гэта вялікі стрэс. Сям'я баіцца, што падчас мерапрыемства яму стане дрэнна.

"Вельмі не хочацца рызыкаваць здароўем, — кажа Вольга. — Што датычыцца далейшых планаў, будзем глядзець па сітуацыі. Пакуль незразумела, колькі часу яго будуць трымаць у бальніцы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.