Беларускі смартфон: без 3G-інтэрнэта, затое з дзвюма сімкамі і за 90$

“Гэты тэлефон пад Android. Мы займаліся адаптацыяй гэтага тэлефона пад нашых аператараў, мы займаліся асобнымі пунктамі меню. Кампаненты ў ім кітайскія, збіраўся ён у Кітаі таксама”, — расказваюць у кампаніі Snami пра першы беларускі смартфон, калі пытаю, што ў ім беларускага.

Беларускі смартфон

Па функцыянале тэлефон стандартны, запэўніваюць стваральнікі. Працуе на Android 2.3, мае камеру на 2 мегапікселі і слоты пад дзве сімкі. Мае гігагерцавы працэсар і 256 "метраў" аператыўнай памяці. Вось, праўда, 3G-інтэрнэтам не парадуе.

“Гэты тэлефон не падтрымлівае 3G-сеткі, толькі 2G — стандарт GSM, але пры тым узроўні пакрыцця інтэрнэту ў Беларусі не заўжды эфектыўна працуюць новыя сеткі, таму мы палічылі, што і такога дастаткова”, — тлумачаць у кампаніі-вытворцы.

І дадаюць, што збіраюцца да Новага году зрабіць іншы — ужо другі па ліку смартфон, які будзе падтрымліваць 3G-сеткі.

Кошты на першы смартфон дэмакратычныя: максімальнай адпускная цана — 90 долараў. Параўнаем: ці можна яшчэ знайсці смартфон за такія грошы?

Напрыклад, смартфон Huawei U8185 Ascend Y100 за 91 долар 3G падтрымлівае. Мае менш хуткі працэсар на 800 мегагерцаў. Сімка толькі адна.

Самы падобны да першага беларускага смартфона па функцыянале, які Еўрарадыё знаходзіць на рынку, — гаджэт Explay A350TV. Толькі каштуе долараў на 10 больш.

А дзе ж іншыя hi-tech навінкі ад беларускіх вытворцаў? У кампаніі “Прамсувязь”, якая яшчэ пяць гадоў таму збіралася займацца зборкай сотавых тэлефонаў з Wi-Fi, уздыхаюць, калі пытаю пра мабільнікі.

“Гэта не пра нас, мы мабільнікамі зараз не займаемся, не пайшло”, - адказваюць у кампаніі.

Так што першая спроба імпартзамясціць мабільнікі айчыннымі аналагамі  так і не атрымалася.

Няма пакуль і планшэтаў ад "Гарызонта", якія дэманстраваліся на выставе “TIBO 2012”. Праект закрыўся, бо… не рэнтабельны.

“Вельмі ўпалі кошты на дадзеныя тавары і вельмі складана канкурыраваць па коштах. Праект будзе нерэнтабельны, таму пакуль ён спынены”, — тлумачаць на “Гарызонце”.

Беларускія планшэты

А тады, у 2012-м, вытворцы абяцалі, што беларускі iPad можна будзе набыць ужо праз год.

Фота: 1,2 - onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі