Вы тут

Беларускі Робін Гуд: чым Ціханоўскі-2020 падобны да Лукашэнкі-1994

Ціханоўскі-2020 і Лукашэнка-1994 

41-гадовы Сяргей Ціханоўскі з Гомеля цяпер самы абмяркоўваны відэаблогер у Беларусі. Аўтар ютуб-канала "Страна для жизни" хоць і не дапушчаны да выбарчай кампаніі, але застаецца ў палітыцы, а сваёй немалой аўдыторыяй па-ранейшаму ўспрымаецца як кандыдат у прэзідэнты.

Тое, што робіць Ціханоўскі, лёгка параўноўваць з актыўнасцю расійскага палітыка Аляксея Навальнага. Абодва — відэаблогеры, рэзка — не выбіраючы выразаў — крытыкуюць уладу, за што іх пераследуюць. Але яшчэ больш агульнага ў Сяргея Ціханоўскага з іншым палітыкам — Аляксандрам Лукашэнкам узору 1994 года, калі ён змагаўся за ўладу ў Беларусі.

Успомніць дзёрзкага кандыдата з 1994 года і параўнаць з дзёрзкім кандыдатам з 2020-га Еўрарадыё папрасіла сведак і непасрэдных удзельнікаў тых падзей: палітычнага аглядальніка Валерыя Карбалевіча, незалежнага аналітыка Сяргея Чалага і шматгадовага лідара АГП Анатоля Лябедзьку. Карбалевіч у тыя гады ўжо займаўся журналістыкай, а Чалы і Лябедзька дык і зусім працавалі ў камандзе будучага пераможцы першых (і ўсіх астатніх) прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Ціханоўскі-2020 — гэта Лукашэнка-1994?

Параўноўваць можна і чырвонае з квадратным, кажа Валер Карбалевіч. Але знаходзіць у Ціханоўскага і Лукашэнкі агульнае: падыход і ўменне абодвух камунікаваць з незадаволенымі людзьмі.

"Ціханоўскі, як і Лукашэнка 94-га, апелюе да сацыяльных нізоў — да людзей, якія не ўпісваюцца ў сістэму і незадаволеныя сацыяльна-эканамічным станам, абураныя дзяржаўнай палітыкай".

Але бачыць палітычны аглядальнік і істотнае адрозненне: Лукашэнка ішоў на выбары з пазітыўным меседжам, Ціханоўскі — з негатыўным:

"У Лукашэнкі была праграма, якая была зразумелая людзям. Гэта праграма рэанімацыі Савецкага Саюза праз інтэграцыю з Расіяй. І шмат іншага: запусціць заводы, пакараць наменклатуру, якая складалася з карупцыянераў. А ў Ціханоўскага канкрэтнай праграмы няма, яго галоўны мэсэдж — "Далоў!".

Эпоха была іншая. У пачатку 90-х, акрамя эканамічных праблем, быў у грамадстве магутны псіхалагічны шок: разваліўся Савецкі Саюз. А Лукашэнка прапанаваў людзям адказ на гэты шок: вярну вас назад у спакойны і стабільны савецкі час. І грамадства яго падтрымала. А што прапануе Ціханоўскі? Малазразумела".

У Лукашэнкі быў свой "ютуб-канал"

"Ютуб-канал" Лукашэнкі / 90s.by

На ютуб-канал Сяргея Ціханоўскага да 22 траўня падпісалася 194 тысячы карыстальнікаў, а ў самага папулярнага відэа больш за 850 тысяч праглядаў. "Страна для жизни" — вельмі салідная пляцоўка для палітыка.

Натуральна, што ў 1994 годзе ні пра які "Ютуб" гаворка ісці не магла. Але, як успамінае Анатоль Лябедзька, у тагачаснага дэпутата Вярхоўнага Савета Аляксандра Лукашэнкі была альтэрнатыўная крыніца вяшчання, якая цалкам можа паспаборнічаць са "Страной для жизни":

"У Лукашэнкі быў свой ютуб-канал, які называўся Вярхоўны Савет [так называўся парламент БССР, а потым і незалежнай Беларусі да 1996 года. — Еўрарадыё] 12-га склікання. Кожны дзень, калі ішлі пленарныя нарады Вярхоўнага Савета, вялася жывая трансляцыя па тэлебачанні. А Лукашэнка быў гіперактыўным. Сярод дэпутатаў ужо смяяліся, што ён, па-першае, па любым пытанні выступаў, а па-другое, з раніцы ён мог падтрымліваць камуністаў, а ўвечары дэмакратаў", — кажа Лябедзька.

Праз 26 гадоў немагчыма даведацца, колькі гледачоў збіралі такія жывыя ўключэнні з авальнай залы. Але, па словах сучаснікаў, гэтыя эфіры — глыток галоснасці, публічнай палітыкі — былі вельмі папулярныя.

Лябедзька ўспамінае, што ў той час народ больш цікавіўся палітыкай — пасля развалу СССР быў велізарны запыт на галоснасць:

"Жывыя эфіры зрабілі дэпутатаў вядомымі людзьмі. Я гэта адчуваў па сабе, а ўжо і не кажу пра Ганчара, які быў проста зоркай. Калі была магчымасць — глядзелі ўключэнні з раніцы да вечара, таму што да гэтага быў Савецкі Саюз, а цяпер людзі змаглі выказвацца. Памятаю сваю сітуацыю: упершыню выступіў пры мікрафоне, а потым выйшаў на вуліцу — і мяне сталі пазнаваць людзі, ціснуць руку".

Работа са СМІ

Да затрымання і нечаканага вызвалення Сяргей Ціханоўскі рэдка даваў каментары СМІ. Ён лічыць за лепшае выказвацца на ўласнай пляцоўцы.

Лукашэнка ў 1994-м спрабаваў карыстацца ўсімі даступнымі медыя. Толькі вось... СМІ не хацелі працаваць з ім! Па ўспамінах Сяргея Чалага, у рэдакцыях таго часу Лукашэнка далёка не заўсёды быў жаданым госцем.

"Прэса яго не любіла. Ён быў стандартнай мішэнню для жартаў, зняважлівага стаўлення, здзекаў і ўсяго астатняга. Што, уласна, потым ператварылася ва ўзаемную непрыязнасць".

Зрэшты, калі Лукашэнка даваў журналістам інфармацыйныя нагоды, пра яго пісалі. Улетку 1994 года без пяці хвілін прэзідэнта міліцыянеры не пусцілі ў яго дэпутацкі кабінет у Доме ўрада. "Тое, што здарылася, — абсалютнае бяссілле і тупасць дзяржаўных чыноўнікаў, што парушаюць волю народа", — пісалі тады газеты. А які незалежны СМІ абышоў бокам затрыманне Ціханоўскага?

"Советская Белоруссия"

Паездкі па рэгіёнах

Сяргей Ціханоўскі здымае шмат ролікаў з паездак па рэгіёнах Беларусі. Ён размаўляе з людзьмі, дае ім выказацца. У сацсетках гэту работу з рэгіёнамі якраз параўноўваюць з метадамі Лукашэнкі: маўляў, у 1994-м ён гэтаксама аб'ездзіў усю Беларусь.

Сяргей Чалы да такіх параўнанняў ставіцца са скепсісам:

"Гэта [паездкі па рэгіёнах. — Еўрарадыё] было падчас выбарчай кампаніі, а да гэтага я б і не сказаў, што ён шмат там ездзіў. Ды і навошта? Лукашэнка ўжо да выбарчай кампаніі быў вельмі вядомы".

Але хто (акрамя Цэнтрвыбаркама) лічыць, што выбарчая кампанія абмяжоўваецца трыма месяцамі перад выбарамі? Работа, якую прарабіў за апошні год Ціханоўскі, згуляла б за яго гэтым летам.

Беларускія Робіны Гуды

Кадр з мультфільма "Робін Гуд"

Анатоль Лябедзька асабіста знаёмы з абодвума — і з Лукашэнкам, і з Ціханоўскім. Па яго словах, гэта прынцыпова розныя людзі. Аднак паміж часамі, якія прынеслі іх у палітыку, можна правесці паралелі:

"Чым падобныя 1994 і 2020 гады? Ёсць запыт на пэўны тыпаж — на беларускага Робіна Гуда. Назапасілася незадаволенасць, і ёсць запыт на пратэст. У 1994-м супраць камуністычнай наменклатуры, а цяпер супраць лукашэнкаўскай. Тады ў гэту нішу Робіна Гуда зайшоў Лукашэнка, а цяпер спрабуе Ціханоўскі".

Хвароба ўлады

Успамінаючы свайго шматгадовага апанента, былы кіраўнік АГП не змог абысціся без выстаўлення дыягназаў:

"У чым была памылка многіх паплечнікаў Лукашэнкі і мая асабіста? Лукашэнка і ў 94-м, і да гэтага быў хворы на ўладу. Гэтая хвароба ў ім сядзела як схаваны каранавірус увесь час. Але стала гэта вядома, толькі калі ён гэту ўладу атрымаў. У мяне ёсць надзея, што гэтага няма ў Ціханоўскага".

Ці сядзіць "хвароба ўлады" ў Сяргею Ціханоўскім? Даведаемся мы гэта яўна не хутка. ЦВК абарвала яго прэзідэнцкую кампанію 2020 года на самым пачатковым этапе. Сёлета ён дакладна не дабярэцца да прэзідэнцкага крэсла. Прынамсі, тым шляхам, які прапісаны ў Выбарчым кодэксе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.