Беларускі банк прадаваў на біржы долары па курсе, заніжаным у 2000 разоў

Незвычайная сітуацыя адбылася 10 чэрвеня на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы. Адзін з банкаў прапанаваў на продаж долары па курсе 8 рублёў, паведамляе сайт viberi.by. Па словах дылераў, на продаж было выстаўлена каля 1,5 млн долараў.

Не дзіва, што знайшліся ахвочыя купіць амерыканскую валюту па такім курсе — амаль у 2000 разоў ніжэйшым за сапраўдны. Дарэчы, памылковы курс быў выстаўлены і па еўра — 352 рублі.

Які менавіта банк зрабіў такую прамашку не паведамляецца. Як адзначае tut.by са словаў удзельнікаў таргоў, прамашка тлумачыцца "чалавечым фактарам": хтосьці з работнікаў банку проста памыліўся. А наладкі сістэмы на біржы не прадугледжваюць блакаванне угодаў, у якіх паказаны такі дзіўны курс.

Паведамляецца, што вынікі гэтай куплі-продажу валюты былі ануляваныя.

Як паведамляла Еўрарадыё, афіцыйны курс долара пасля сённяшніх таргоў — 15 353 рублі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі