Вы тут

Беларуская федэрацыя футбола пажыццёва дыскваліфікавала 16 чалавек

Фота: pressball.by

Беларуская федэрацыя футбола пажыццёва дыскваліфікавала 16 чалавек. Гэта ўдзельнікі дамоўных матчаў і матчу-фантома. Рашэнне вынес кантрольна-дысцыплінарны і па этычных пытаннях камітэт БФФ. Пад пажыццёвую дыскваліфікацыю патрапілі футбалісты Аляксандр Цішкевіч, Аляксандр Лебедзеў, Андрэй Парываеў і Юрый Рыжко (усе — “Іслач”), Сяргей Шуманаў і Ігар Жураўлёў (абодва — “Прамень”), Віталь Жалудак, Вячаслаў Палазнік, Ягор Гудзель і Аляксей Саковіч (усе — “Ашмяны-БДУФК”), Ілля Гаўрылаў (“Граніт”), а таксама трэнер Уладзімір Макоўскі (“Іслач”). На 24 месяцы дыскваліфікаваныя футбалісты Іван Дзянісевіч, Аляксандр Алумона і Аляксандр Папуш (усе — “Іслач”), Аляксандр Тарлікоўскі, Андрэй Напорка і Дзяніс Мядзведзеў (усе — “Прамень”), дырэктар Дзмітрый Карпоўскі (“Прамень”), Дзяніс Жбанкоў (“Ашмяны-БДУФК”), былы прафесійны футбаліст Дзмітрый Макар і былы арбітр Станіслаў Савіцкі. За арганізацыю дамоўных матчаў аб’яўлены персонамі нон грата былы прафесійны футбаліст Вячаслаў Замара і трэнер-адміністратар Юрый Сыраквашка (“Прамень”).

Таксама пажыццёва дыскваліфікаваныя за арганізацыю матчу-фантома супрацоўнік салігорскага “Шахцёра” Павел Качановіч, Уладзіслаў Каранеўскі з “Слуцка” і нейкія грамадзяне А. Лысакоў і Д. Гарбуноў.

БФФ адзначае, што клубы, пазначаныя каля прозвішчаў згаданых асоб, “адносяцца ў тым ліку да моманту здзяйснення маніпуляцый спартыўнымі вынікамі”. Пра тое, што ў Беларусі была выкрыта “злачынная схема дамоўных матчаў”, МУС паведаміў у пачатку ліпеня 2016 года. Пазней было заяўлена пра сувязь беларускіх арганізатараў дамоўных футбольных матчаў з так званымі крымінальнымі аўтарытэтамі. Прысуд быў абмешчаны ў кастрычніку 2017-га. 15 чалавек (замоўцы, арганізатары і ўдзельнікі дамоўных гульняў) атрымалі альбо абмежаванне волі, альбо штрафы. Усе яны прызналі сваю віну.

Што да матчу-фантому, таварыскага паядынку паміж “Слуцкам” і “Шахцёрам”, то ён “праводзіўся” ў лютым 2015-га, выключна ў інтэрнэце. На яго прымалі стаўкі замежныя букмекерскія канторы. Праваахоўнікі знайшлі арганізатараў, у іх адносінах распачалі крымінальную справу за мадыфікацыю камп’ютарнай інфармацыі.