МУС Беларусі заявіла, што выкрыта злачынная схема "дамоўных" матчаў

МУС Беларусі заявіла, што выкрыта злачынная схема "дамоўных" матчаў

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 5 ліпеня заявіла пра выкрыццё злачыннай схемы "дамоўных" матчаў. Яе ўдзельнікі мелі дачыненне да гульняў футбольнага чэмпіянату Беларусі ў вышэйшай і першай лігах. Пачалося ўсё з таго, што аператыўнікі даведаліся пра сустрэчу прадстаўнікоў крымінальных структур Беларусі, Украіны і Расіі. Яны абмеркавалі магчымасць укладання грошай у арганізацыю "дамоўных" матчаў, каб пасля, праз сетку букмекерскіх кантор, забяспечыць сабе значны прыбытак.

Паводле дадзеных беларускіх праваахоўнікаў, у злачынную групу ўваходзілі 6 грамадзян Беларусі (а сярод іх — прадстаўнікі трэнерскага штаба і гульцы ФК "Луч"), грамадзянін Украіны. Сцвярджаецца, што задакументаваныя факты подкупу ўдзельнікамі групы гульцоў і чальцоў трэнерскага штаба ФК "Луч" і ФК "Ашмяны" (яны выступаюць у першай лізе, 2 ліпеня ў Ашмянах згулялі ўнічыю 3:3) для забеспячэння патрэбнага выніку ў гульнях чэмпіянату Беларусі. Праваахоўнікі маюць звесткі пра грошы, якія перадаваліся за "дамоўны" вынік у згаданым паядынку і ў матчы "Луч" — "Гомельжелдортранс", які прайшоў 25 чэрвеня.

Каэфіцыент на адну са ставак гульні гэтых клубаў складаў 1:10. Злачынныя структуры праз букмекерскую кантору ў Азіі паставілі каля 30 тысяч еўра на канкрэтны вынік. У выніку імі быў атрыманы даход у памеры сотняў тысяч еўра.

Следчы камітэт распачаў у дачыненні 7 чалавек крымінальную справу па артыкуле "Подкуп удзельнікаў і арганізатараў прафесійных спартовых спаборніцтваў і відовішчных камерцыйных конкурсаў" (ч. 1 арт. 253 КК). Адзначаецца, што затрыманні праводзіліся пасля згаданага матчу ў Ашмянах. Аператыўнікі палічылі, што 5 удзельнікаў гульні, якія ведалі пра "дамоўны" матч, спрабавалі ўцячы ў бок Мінска. Было вырашана іх затрымаць, што і зрабілі "супрацоўнікі міліцыі ў цывільным адзенні".

Адзначым, што заява МУС з'явілася пасля таго, як СМІ распавялі пра гэтае затрыманне, змясцілі фота збітага футбаліста "Ашмян" Сяргея Булынёнка. Па версіі праваахоўнікаў, толькі ён адмовіўся выйсці з аўтамабіля і "некалькі разоў нанёс удар нагамі ў грудзі супрацоўніку спецпадраздзялення". Таму, адзначае прэс-служба МУС, да яго і ўжылі фізічную сілу. Дзеянням Булынёнка абяцаюць даць "прававую ацэнку". Да таго ж, правяраецца яго датычнасць да магчымай арганізацыі "дамоўных" матчаў. Высвятляюцца іншыя фігуранты крымінальнай справы.

Падкрэсліваецца, што калі позна ўвечары 2 ліпеня Сяргея Булыненка адпусцілі з будынка Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС, яго"фізічны стан занепакоенасці не выклікаў" (гл. фота).

МУС Беларусі заявіла, што выкрыта злачынная схема "дамоўных" матчаў
Фота: tut.by

МУС Беларусі інфармуе, што выкрыццё злачыннай групы арганізатараў "дамоўных" матчаў стала вынікам узаемадзеяння з Беларускай федэрацыяй футбола.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі