Вы тут

"Беларуськалій" ужо не фінансуе ХК "Дынама-Мінск", сышоў капітан Андрэй Касціцын

Андрэй Касціцын / hcdinamo.by

Хакейнае мінскае "Дынама" развіталася са сваім капітанам Андрэем Касціцыным. За два сезоны ён згуляў 110 матчаў, закінуў 31 шайбу і зрабіў столькі ж выніковых перадач, быў другім бамбардзірам каманды. У 35-гадовага хакеіста 30 красавіка скончыўся кантракт з "Дынама" і ён пераходзіць у іншы клуб КХЛ, паведамляе прэс-служба дынамаўцаў.

"На жаль, у нас няма магчымасці ўтрымаць аднаго з лідараў беларускага хакею", — кажа гендырэктар беларускага клуба Дзмітрый Баскаў, які наракае на скарачэнне фінансавання. Высвятляецца, што і Андрэй Касціцын, і "Дынама" "былі гатовыя працягнуць супрацоўніцтва".

"Але са студзеня [2020-га] наш асноўны партнёр "Беларуськалій" прыпыніў падтрымку клуба, стварыліся даўгі па зарплатах гульцоў за мінулы сезон", — прызнаецца Баскаў. Паводле яго слоў, існуе праблема захавання ў камандзе і іншых вядучых хакеістаў.

"Проста цяпер пытанне пра бюджэт вельмі негатыўна адбіваецца на нашай селекцыйнай кампаніі ўвогуле, — распавядае гендырэктар. — Я прадпрымаю ўсе магчымыя дзеянні, знаходжуся ў пошуку крыніц фінансавання. Упэўнены, выхад будзе знойдзены".

Мінулы сезон быў правальным для мінскага "Дынама", якое стала апошняй камандай КХЛ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.