Вы тут

Беларускага велагоншчыка два дні пратрымалі ў іспанскай паліцыі

Аляксандр Пясецкі

Іспанская паліцыя два дні пратрымала беларускага велагоншчыка Аляксандра Пясецкага. Гэта адбылося пасля антыдопінгавага рэйду праваахоўнікаў на базу яго каманды Kuota-Construcciones Paulino, піша TUT.by. У аперацыі прымаў удзел Інтэрпол.

Паліцыя затрымала ўсіх прадстаўнікоў каманды, якія былі на базе падчас рэйду, — чатырох раварыстаў і двух менеджараў. Паведамляецца, што спартовец, у якога знайшлі забароненыя рэчывы, адсутнічаў дома. 

Усіх гоншчыкаў і менеджараў адпусцілі пасля допыту. Ці ўдалося знайсці гоншчыка, які захоўваў допінг, звестак няма.

Затрыманні адбыліся напярэдадні вырашальных гонак іспанскага кубка, у якім каманда Kuota-Construcciones Paulino вядзе барацьбу за перамогу ў агульным заліку.

Юрыст каманды Луіс Прыета заявіў, што ні ён, ні гоншчыкі не могуць раскрываць дэталі справы, бо далі падпіску пра неразгалошванне.

Пясецкі — адзін з лідараў іспанскай каманды. У гэтым сезоне ён ужо заваяваў некалькі прызавых месцаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.