Беларускае войска хоча "пашырыць удзел" у міратворчых місіях ААН

Фота: contrpost.com
Фота: contrpost.com

6-7 ліпеня ў Нью-Ёрку начальнік Генштаба Узброеных сіл — першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Алег Белаконеў прымае ўдзел у канфэрэнцыі ААН па пытаннях правядзення аперацый па падтрыманні міру.

Мэта канферэнцыі — "абмеркаванне на стратэгічным узроўні актуальных пытанняў, звязаных з бягучай палітыкай ААН у галіне правядзення шматнацыянальных міратворчых місій, падрыхтоўкай міратворчага персаналу, а таксама перспектыўныя напрамкі развіцця міжнароднай міратворчай дзейнасці", паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

"Падчас канферэнцыі спланаваны шэраг двухбаковых сустрэч па пытаннях пашырэння ўдзелу Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь у міратворчай дзейнасці ААН", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Беларускія міратворчыя сілы могуць удзельнічаць толькі ў місіях, санкцыянаваных Cаветам бяспекі ААН, якія праходзяць пад яго эгідай. І сёння беларускі міратворчы кантынгент ўдзельнічае ў адной міратворчай місіі — яна санкцыянавана саветам бяспекі ААН і праходзіць ў Ліване. Там знаходзіцца каля 10-15 чалавек, у асноўным ваенна-медыцынскі персанал і некалькі штабных афіцэраў.

6 ліпеня стала вядома пра тое, што Расія хоча бачыць беларускіх міратворцаў у Сірыі. Прапанова накіраваць кантынгент ад краін СНД на Блізкі ўсход для сумеснага маніторынгу ў зонах дээскалацыі агучана на "перамовах па Сірыі" у Астане спецпрадстаўніком РФ па Сірыі Аляксандрам Лаўрэнцьевым.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі