Вы тут

Беларускае студэнцкае братэрства прынялі ў Еўрапейскі студэнцкі саюз

Братэрства арганізатараў студэнцкага самакіравання — беларуская арганізацыя, якая існуе з 2012 года, увайшла ў Еўрапейскі студэнцкі саюз (ESU). Гэтая структура прадстаўляе інтарэсы 11 мільёнаў студэнтаў па ўсёй Еўропе. Што гэта дае айчыннай сістэме адукацыі?

Больш адукацыйных вандровак для студэнтаў

Беларускія студэнты, валанцёры БАСС, цяпер змогуць удзельнічаць ў стажыроўках, сустрэчах і мерапрыемствах, якія праводзіць Еўрапейскі студэнцкі саюз. А таксама змогуць даносіць інфармацыю пра праблемы беларускай сістэмы адукацыі да еўрапейскіх калег.

“Гэта не толькі ўдзел у падзеях, якія ладзіць ESU, цяпер ёсць магчымасць быць пачутымі, каб у еўрапейскім грамадстве лепш разумелі, што адбываецца ў нас”, — расказвае старшыня БАСС Крысціна Мурашова.

Больш уплыву на нашу сістэму адукацыі

Еўрапейскі студэнцкі саюз уваходзіць у групу, якая кантралюе рэалізацыю Беларуссю “дарожнай мапы” Балонскага працэсу. Беларусь прынялі ў еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі з агаворкамі і абавязальніцтвамі гэтую “дарожную мапу” рэалізаваць. То бок цяпер БАСС можа ўскосна ўплываць на рашэнні беларускіх чыноўнікаў.

“Прадстаўнікі ESU прыязджалі ў Беларусь, каб паслухаць справаздачы нашага Міністэрства адукацыі. Былі сустрэчы прадстаўнікоў гэтай арганізацыі з нашымі чыноўнікамі за мяжой. То бок рычагоў уплыву тут стала болей”, — дадае Крысціна Мурашова.

На сёння Еўрапейскі студэнцкі саюз аб'ядноўвае каля 50 нацыянальных студэнцкіх саюзаў і каля 40 краін. Разам з БАСС туды ўваходзіць Задзіночанне беларускіх студэнтаў.

Фота: tmstudent.ru