Беларуска прадавала маскоўскім пенсіянерам БАДы пад выглядам лекаў

Перад судом у Маскве паўстане група махляроў, якая прадавала пажылым масквічам біялагічна актыўныя дабаўкі (БАДы) пад выглядам цудадзейных лекаў.

Як перадае interfax.by, у групу ўваходзілі 55-гадовая жыхарка Элісты Ірына Маслава, 38-гадовая жыхарка Маскоўскай вобласці Таццяна Ніканенка, 29-гадовы жыхар Масквы Заўрых Гуліеў, 43-гадовая грамадзянка Беларусі Ала Банкевіч і 41-гадовая грамадзянка Малдовы Іна Матросава. Усіх іх вінавацяць у махлярстве, учыненым арганізаванай групай, з прычыненнем значнай шкоды.

Следства кажа, што з верасня 2013 года па чэрвень 2014-га група прадавала пажылым масквічам БАДы і "цудадзейныя" прыборы, якія выдавала за лекі і медычныя вырабы.

Група давала на радыё і тэлебачанне рэкламу прадукцыі. За лекі, якія дапамагаюць вылечыцца ад цяжкіх захворванняў, яны выдавалі прыборы "Спандзілесон" і "Імхатэл", якія не валодаюць лекавымі ўласцівасцямі, а таксама біялагічна актыўныя дабаўкі "Сілатон" суспензія" ("Silaton" suspension"), "Антыаксідант Калоідны" ("Anti-Oxidant"), "АнгіАмега Комплекс", "Комплекс "Лінчжы", "Realmen".

Ад дзеянняў гэтых прадаўцоў ілжэлекаў пацярпелі сем масквічоў ва ўзросце ад 60 да 77 гадоў. Шкода, прычыненая ім, ацэньваецца агулам больш за 200 тысяч расійскіх рублёў.

Сваю віну прызнаў толькі адзін удзельнік групы — Гуліеў. Астатнія абвінавачаныя сваю віну адмаўляюць.

Фота — asfera.info

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі