Вы тут

Беларусь уводзіць ліцэнзаванне ўкраінскага імпарту

Ва Украіне занепакоеныя рашэннем беларускага ўраду / УНІАН

Беларусь уводзіць ліцэнзаванне на шэраг тавараў з Украіны. Пра гэта ў Facebook паведаміў намеснік міністра эканомікі Украіны Тарас Качка. Як ён піша, рашэнне беларускага ўраду пачне дзейнічаць праз дзесяць дзён пасля публікацыі і разлічана на шэсць месяцаў.

"Беларусь увяла рэжым індывідуальнага ліцэнзавання на імпарт шэрагу ўкраінскіх тавараў: кандытарскія вырабы, шакалад, піва, сокі, пліты ДСП і ДВП, шпалеры, туалетная папера і ўпакоўка, керамічная плітка, цэгла, шкляныя ампулы, сельгастэхніка для пасеву, пральныя машыны і мэблю, — працягвае Тарас Качка. — Гэта рашэнне зацверджана пастановай Савета міністраў Беларусі ад 26 траўня №292".

Ён падкрэслівае, што "такія дзеянні з'яўляюцца неабгрунтаванымі і дыскрымінацыйнымі". "Рэжым індывідуальнага ліцэнзавання азначае ручное кіраванне ўвозам украінскай прадукцыі ў Беларусь, — піша далей Качка. — Урад праводзіць кансультацыі з вытворцамі па ліквідацыі негатыўных наступстваў дыскрымінацыйных дзеянняў урада Беларусі".

Па звестках interfax.by, урадавая пастанова будзе афіцыйна апублікавана ў бліжэйшы час. Некаторыя з яе пунктаў пачнуць дзейнічаць ужо з нядзелі.

Беларускі ўрад прыняў згаданую пастанову пасля рашэння ўладаў Украіны спыніць авіяспалучэнне з нашай краінай і адмовіцца ад набыцця электрычнасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.